Юбилей отметила ветеран профсоюзного движения Татьяна Леонова

Людзі і лёсы Общество

З людзьмі і дзеля людзей

   Словы, вынесеныя ў загаловак, можна назваць жыццёвым крэдам Таццяны Лявонавай з УП ЖК. Так склалася ў жыцці, што талачынская дзяўчына ўзначальвала камсамольскую арганізацыю на фабрыцы «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску. Ну, а калі пераехала ў Шуміліна (выйшла замуж), працавала ў аддзеле адукацыі, а потым – дыспетчарам УП ЖКГ, дзе ў 2005 годзе і ўзначаліла прафсаюзную пярвічку.

  Яна і сёння помніць свой першы абласны прафсаюзны пленум, дзе крытыкавалі камунгас. Гэта быў штуршок для маладога прафсаюзнага лідара, заклік да добрай работы. Таццяна Лявонава ўзялася за яе і справілася годна. Яна ўнікала ў юрыдычныя пытанні, была і тэхнічным інспектарам, і работнікам культмасавага сектара, да яе звярталіся людзі з рознымі жыццёвымі і вытворчымі пытаннямі.

  Актыўная, ініцыятыўная, поўная ідэй і творчых задумак, яна панесла іх у калектыў. Агульныя справы не толькі аб’ядналі прафсаюзны камітэт, але і ўцягнулі ў грамадскую работу ўсіх калег, якія сталі дружным калектывам. Як высветлілася, разам здольныя на многае – могуць выступіць на спартыўных спаборніцтвах, прыняць удзел у канцэрце, перамагчы ў абласным конкурсе вясёлых і знаходлівых. У такія хвіліны Таццяна Лявонава была гордая, што прафсаюзная арганізацыя з’яўляецца дружнай камандай. І неўзабаве пярвічка УП ЖКГ стала лепшай не толькі  у раёне, але і ў вобласці. Ініцыятарам, натхняльнікам, арганізатарам заўсёды выступала прафсаюзны лідар. Гэта разам з тым, што старшыню ад выканання прамых службовых абавязкаў ніхто не вызваляў (Таццяна Лявонава  працавала намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце). А ёсць жа яшчэ сям’я, жаночыя абавязкі. У Таццяны Уладзіміраўны ўдавалася ўсё ўдала спалучаць.

  Таццяна Лявонава адпрацавала старшынёй прафсаюзнай арганізацыі ў камунгасе амаль 16 гадоў. Два гады таму перадала грамадскія абавязкі маладому калегу. «Вельмі ўдзячна Таццяне Уладзіміраўне за настаўніцтва, – кажа Вольга Піліпёнак. – Многаму ў яе навучылася. Мы стараемся падтрымліваць традыцыі калектыву і ўдасканальваць іх». 

  Нядаўна Таццяна Лявонава адзначыла юбілей. Ветэрана прафсаюзнага руху  павіншаваў увесь калектыў. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Хамаганава ўручыла Таццяне Лявонавай грамату за шматгадовую працу і вялікі ўклад у прафсаюзнае жыццё прадпрыемства.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *