Мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, прайшоў 15 лютага ў Шуміліне

Главное Общество

Афганістан не сцерці з памяці ніколі

Мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, прайшоў 15 лютага ў Шуміліне ў скверы Воінскай славы.

Удзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане, прадстаўнікі мясцовых уладаў, грамадскіх арганізацый, жыхароў Шуміліншчыны сабраліся ля стэлы ў гонар воінаў-землякоў, што загінулі, выконваючы воінскі абавязак ў мірны час. У мітынгу бралі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч.
33 гады таму апошні савецкі салдат па мосце праз Аму-Дар’ю вярнуўся ў родную краіну. Вайна, якая доўжылася больш за 9 гадоў, скончылася. Яна ўнесла жыцці больш за 15 тысяч савецкіх салдат, у тым ліку 771 беларуса.
Старшыня абласнога Савета Уладзімір Цярэнцьеў у сваім выступленні адзначыў, што ў Афганістане воіны-інтэрнацыяналісты выканалі свой абавязак перад Радзімай, перад грамадствам, перад сям’ёй, абаранілі інтарэсы сваёй краіны.

Мы будзем помніць і шанаваць подзвіг салдат і афіцэраў, якія, не шкадуючы свайго жыцця, выконвалі свяшчэнны воінскі абавязак. Іх адносіны да сваёй краіны – прыклад патрыятызму і мужнасці для нашай моладзі, сказаў ён.
Пра тое, што няма ў свеце нічога страшней за вайну і даражэй за мір, гаварыў удзельнік афганскай вайны, старшыня раённай арганізацыі «Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» маёр у адстаўцы Мікалай Шчарбіцкі. Ён звязаў падзеі далёкага мінулага з сучаснай сітуацыяй вакол нашай краіны, падкрэсліў, што толькі адзінства і згуртаванасць беларускага народа, цесныя сувязі з саюзнікамі па АДКБ служаць гарантыяй міру і стабільнасці, залогам паспяховага развіцця дзяржавы.
Як сімвал нязгаснай памяці пра салдацкі подзвіг у далёкай краіне старшакласнікі СШ №1 г.п. Шуміліна ставяць лампадкі да стэлы з імёнамі Андрэя Скобава, Віктара Угнявёнка, Пятра Чуркіна, Івана Сокалава – шумілінцаў, якія загінулі ў Афганістане, выконваючы воінскі абавязак.
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да стэлы воінам-землякам.
У гэты дзень кветкі ляглі і да мемарыяльнай дошкі старшаму лейтэнанту Віктару Угнявёнку на доме ў райцэнтры ў завулку, які носіць яго імя. А ў раённай бібліятэцы прайшла сустрэча ўдзельнікаў афганскай вайны.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №13 ад 18.02.2022 года.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *