Сёння шырока абмяркоўваецца новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі

Образование Общество

Навацыі Кодэкса аб адукацыі

У грамадстве сёння шырока абмяркоўваецца новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі. І гэта не дзіўна, бо яго змены закрануць ледзь не кожную беларускую сям’ю. Да абмеркавання далучаюцца не толькі спецыялісты, але і бацькі, студэнты, старшакласнікі. І пытанняў у людзей шмат. Пра найбольш значныя змены, іх актуальнасць і спосабы ўкаранення ў жыццё гутарым з начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Валянцінай Мяньковай.

– Валянціна Васільеўна, можна гаварыць пра тое, што Кодэкс кардынальна зменіць сістэму айчыннай адукацыі?
– У дакумент унесена больш за 200 змяненняў і правак. Але многія з іх толькі нармалізуюць ужо існуючыя правілы, як, напрыклад, профільнае навучанне ў старшых класах, вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні ў 8–9-х, прафесійная падрыхтоўка ў 10–11-х базавых класах. Застаюцца нязменнымі галоўныя прынцыпы сістэмы адукацыі – даступнасць, якасць і сацыяльныя гарантыі. Уводзяцца два новыя прынцыпы – абавязковая агульная сярэдняя адукацыя і інклюзіўны падыход.
– Многім падалося, што цяпер абавязкова трэба
заканчваць 11 класаў.
– Зараз абавязковай з’яўляецца агульная базавая адукацыя. З увядзеннем новай нормы фактычна нічога не зменіцца. Пасля 9-га класа патрэбныя веды можна будзе атрымліваць як у школе, так і ў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных установах.
Да 10 гадоў павялічаны тэрмін навучання для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю. Гэта пашырыць магчымасці атрымання імі адукацыі да 18 гадоў і палепшыць якасць далейшага жыццеўладкавання.
– Што вы скажаце наконт працягласці вучэбнага года
з 1 верасня па 31 жніўня?
– Вучэбныя заняткі па-ранейшаму будуць праводзіцца з 1 верасня па 31 мая ўключна, а для вучняў 9 і 11 класаў – з 1 верасня па 25 мая. Але ж выхаваўчая работа ва ўстановах адукацыі не спыняецца і на канікулах: дзейнічаюць прышкольныя лагеры, настаўнікі праводзяць розныя мерапрыемствы. А значыць, і вучэбны год працягваецца.
– А праўда, што цяпер
дзяцей у школу можна будзе адпраўляць з 5 гадоў?
– У 1-ы клас па-ранейшаму будуць прымацца дзеці, якім шэсць гадоў спаўняецца на 1 верасня. Але па заяве аднаго з законных прадстаўнікоў і на падставе рашэння педагагічнага савета кіраўніку ўстановы адукацыі можна прыняць у 1-ы клас дзіця, якому шэсць гадоў спаўняецца ў бягучым каляндарным годзе.
– Дашкольная адукацыя не з’яўляецца абавязковай у нашай краіне, і дамашняе навучанне раней не было прадугледжана Кодэксам.
Што зараз?
– Для дзяцей, якія па медыцынскіх паказчыках не могуць увесь час наведваць дзіцячы сад, арганізуецца навучанне на даму. Ці спалучэнне заняткаў на даму і ва ўстанове адукацыі. Пералік медыцынскіх паказчыкаў вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя. Адпаведнае рашэнне прымаецца аддзелам па адукацыі райвыканкама на падставе заявы законнага прадстаўніка выхаванца і заключэння медыцынска-кансультацыйнай камісіі.
– Якія новаўвядзенні
закрануць 6-ы вучэбны дзень?
– Факультатыўныя заняткі па суботах можна будзе праводзіць не толькі для 9–11-класнікаў, як зараз, але і для вучняў 5–8-х класаў.
– Хвалюе будучых
абітурыентаў і іх бацькоў
форма здачы выпускных
экзаменаў і ў цэлым змены, што датычаць правядзення ўступнай кампаніі.
– Для таго, каб зменшыць нагрузку на вучняў, якім сёння трэба здаваць выпускныя экзамены ў школе, а літаральна праз некалькі дзён цэнтралізаванае тэсціраванне, у абноўленым Кодэксе прадугледжаны цэнтралізаваны экзамен па асобных навучальных прадметах у выглядзе тэстаў, які адначасова будзе і выпускным, і ўступным. Потым, у залежнасці ад выбранай спецыяльнасці, абітурыенту трэба бу-дзе здаць профільны прадмет у выглядзе ЦТ. Новаўвядзенне набудзе моц у 2023 годзе.
Пашыраны і пералік асоб, што маюць льготы пры паступленні ў ВНУ. У прыватнасці, льготамі змогуць карыстацца пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд і асобныя ўдзельнікі апошняга этапа рэспубліканскай алімпіяды, асобы, што прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. З гэтага года пачнуць прадастаўляцца льготы пры паступленні ў ВНУ выпускнікам класаў спартыўна-педагагічнай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці, дзецям ваенных, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, што загінулі, памерлі ці сталі інвалідамі пры выкананні службовых абавязкаў.
З наступнага года ўводзяцца дадатковыя ўступныя выпрабаванні для тых, хто паступае на спецыяльнасці, што патрабуюць адметных кіраўніцкіх і практычных навыкаў, неабходнасць наяўнасці стажу работы для атрымання адукацыі ў завочнай і вячэрняй формах.
Пры паступленні ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі залічэнне абітурыентаў будзе ажыццяўляцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.
– Магчымасці мэтавай
падрыхтоўкі спецыялістаў таксама пашыраюцца?
– У адпаведнасці з Указам № 23, з наступнага навучальнага года ў ВНУ павялічыцца працэнт бюджэтных месцаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях – да 70% ад кантрольных лічбаў прыёму, па медыцынскіх – да 80%, па іншых спецыяльнасцях – да 60%. Пры гэтым пашыраецца і сфера ўжывання мэтавай падрыхтоўкі для арганізацый, размешчаных не толькі ў малых населеных пунктах і на забруджаных тэрыторыях, але і ў іншых населеных пунктах.
– Можна казаць пра тое,
што новая рэдакцыя Кодэкса дысцыплінуе ўсе бакі
адукацыйнага працэсу?
– Дакладна. Напрыклад, прадугледжваецца спыненне адукацыйных адносін з навучэнцамі, якія прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за аднаразовае здзяйсненне грубага адміністрацыйнага правапарушэння ці
прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Уводзіцца паняцце «канфлікт інтарэсаў педагагічнага работніка» і іншыя нормы.
– На вашу думку, наколькі арганічна адноўлены дакумент упішацца ў наша жыццё?
– Не ўсе артыкулы Кодэкса набудуць моц у адзін і той жа час. Ды і дакумент шырока абмяркоўваецца ў грамадстве ўжо больш за год, і многія змяненні адказваюць запытам грамадства. Сістэма адукацыі гатова прыняць навацыі, прадыктаваныя сённяшнім днём.
– Дзякуй за змястоўную гутарку.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №12 ад 15.02.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *