Культурна-спартыўнае свята «Шумілінская лыжня – 2022» сабрала ў суботу на гарадскім стадыёне дзве сотні чалавек

Главное Новости Общество Спорт, туризм

Свята снегу, спорту і ўсмешак

Культурна-спартыўнае свята «Шумілінская лыжня – 2022» сабрала ў суботу на гарадскім стадыёне дзве сотні чалавек – удзельнікаў, балельшчыкаў і ўсіх тых, хто ў гэты сонечны зімовы дзень не захацеў заставацца дома.
Арганізатары пастараліся, каб усім было весела, цікава і сытна. Гучала музыка, на вогнішчы грэлася духмяная поліўка, аніматары зазывалі дзяцей і дарослых на розныя забавы.

Многія прыйшлі загадзя, каб ацаніць сілы сапернікаў, зрабіць пару кругоў па стадыёне, выбраць правільную тактыку. Не сакрэт, што некаторыя толькі раз на год і становяцца на лыжы – абараніць гонар свайго калектыву.
– Жадаю ўсім перамог у першую чаргу над сабой, над суседам, які застаўся дома і не прыйшоў сёння на стадыён, – звярнуўся да ўдзельнікаў спартыўнага свята старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. – Не сумняваюся, што сённяшні дзень запомніцца яркімі ўражаннямі, цудоўным надвор’ем і добрымі ўзаемінамі!
Галоўны суддзя Анатаніна Караленка па-знаёміла з умовамі правядзення спаборніцтваў. Суддзі занялі свае пазіцыі, настроілі секундамеры.

Лыжнікі змагаліся як у індывідуальных гонках, так і ў эстафетах сярод каманд прадпрыемстваў і арганізацый.
Ніводных спартыўных спаборніцтваў не прапускае каманда райбальніцы. І гэта пры тым, што медыкі сёння – на перадавой барацьбы з пандэміяй.
Яны знаходзяць час і сілы, каб на ўласным прыкладзе паказаць, што здаровы лад жыцця – самае лепшае рашэнне.
– Я і ў школе пастаянна ўдзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах, і зараз пры любой магчымасці стараюся паспрабаваць свае сілы, – падзялілася хірург Юлія Барадзіна.
Так, усе ўдзельнікі, бы дамовіўшыся, заяўлялі, што перамога – не галоўнае. Але старты выдаліся надзвычай азартнымі. «Давай!», «Хутчэй!», «Яшчэ крыху!» – выкрыквалі заўзятары, і ў лыжнікаў адкрывалася другое дыханне.
– Я на лыжы не станавілася са школы, шчыра кажучы, сумнявалася, ці дайду да фінішу, – жартавала намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Чарнічэнка. – Аказалася, што развучыцца ездзіць немагчыма, вось што значыць выдатны школьны навык! Мне спадабалася. Не думаю, што гэты ясны зімовы дзень можна было правесці лепш. Хочацца вярнуцца на стадыён, пакуль зіма не скончылася.
Так, дарослыя ехалі, як маглі. Хтосьці паказваў даволі высокі клас – настаўнікі фізічнай культуры, заўзятыя аматары лыжаў ці прафесійныя спартсмены, як Наталля Пучынская. Іншыя ставілі сабе за мэту проста не ўпасці і не згубіць лыжы. Але самымі відовішчнымі былі дзіцячыя забегі. Школьнікі імгненна пераадольвалі дыстанцыю, рабілі гэта лёгка, прыгожа, прафесійна.
Дзесяцігадовая Надзея Скорынава выйшла на старт разам з 13-15-гадовымі падлеткамі. І перамагла! Дзяўчынку трэніруе дзядуля, былы настаўнік фізічнай культуры Аляксандр Скорынаў. Ён у сваёй узроставай катэгорыі (60 плюс) стаў другім, саступіўшы золата Аляксандру Барысевічу. А егер лясгаса з Мікіціхі, здаецца, год ад году толькі набіраецца сіл і сваіх лідзіруючых пазіцый не здасць ніколі. Ён і летась быў лепшым. А ўсё – здаровы лад жыцця і работа на свежым паветры ў суладдзі з прыродай.
– Я ўвесь час адчуваў дыханне саперніка за спінай. Шчыра прызнацца, нават думаў, што аддам яму перамогу, – падзяліўся лыжнік.
Радуе, што на стадыёне было шмат дзетак – на маленькіх лыжах, санках, на руках у бацькоў. Іх узроставых катэгорый спаборніцтвы не прадугледжваюць, але можна не сумнявацца: калі малыя падрастуць, то абавязкова працягнуць сябраваць са спортам. Зараз маленькая Каця ўзнялася на 1-ю прыступку п’едэстала разам з бацькам – Віктарам Полацкім. А зусім хутка ён будзе радавацца яе перамогам. Здаровы лад, радасць жыцця, уменне цаніць кожнае імгненне – лепшае, чаму мы можам навучыць падрастаючае пакаленне.
Дзякуй за свята ўсім, хто яго арганізаваў!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

Пераможцы «Шумілінскай лыжні-2022»
Эстафета
Жанчыны
1. КУСГП «Сіроцінскі» (Дар’я Янушчык, Лізавета Федаровіч)
2. УП ЖКГ (Вольга Піліпёнак, Алена Сяргеева)
3. ДУА «Шумілінскі яслі-сад №4» (Ірына Канаплёва, Любоў Шурмялёва)
Мужчыны
1. Шумілінская СШ №2 (Вадзім Навуменка, Павел Гусакоў)
2. «Шумілінскі лясгас» (Аляксандр Барысевіч, Аляксандр Гузік)
3. Шумілінскі ўчастак электрасувязі (Андрэй Лазар, Аляксей Сталяроў)
Індывідуальныя забегі
13-15 год
Надзея Скорынава (СШ №1 г. п. Шуміліна)
Мікіта Салаўёў (Обальская СШ)
18-29 год
Наталля Пучынская (Шумілінскі ФАЦ)
Віктар Полацкі (Шумілінскі РАНС)
30-39 год
Вольга Літоўка (Кардонская СШ)
Андрэй Лазар (Шумілінскі ўчастак электрасувязі)
40-49 год
Любоў Шурмялёва (Шумілінскі ялі-сад №4)
Уладзімір Кучко (Слабадская я/с-БШ)
50-59 год
Ірына Скачкова (СШ №1 г.п. Шуміліна)
Юрый Рагозін (Светласельскі яслі-сад)
60 год і старэй
Лідзія Барадзёнак (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама)
Аляксандр Барысевіч (Шумілінскі лясгас)

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *