Інтэрактыўная гульня ад ратавальнікаў
У рамках другога этапа рэспубліканскай акцыі «Бяспека – у кожны дом!» ратавальнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях сустрэліся з вучнямі СШ №1 і правялі прафілактычную інтэрактыўную гульню.
Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Вадзім Півавараў (на здымку) расказаў пра асноўныя прычыны пажараў (сёлета іх здарылася ўжо 3), прывёў прыклады трагедый, якія адбыліся з-за неасцярожнага абыходжання з агнём і чалавечай бестурботнасці.
Працягам сустрэчы стала гульня «Дзе логіка?», дзе старшакласнікам прыйшлося адгадваць зашыфраваныя прадметы і фразы. Пасля кожнага правільнага адказу супрацоўнік МНС распавядаў пра правілы бяспекі з улікам адгаданага слова. У выніку хлопцы і дзяўчаты пазнаёміліся і з дадаткам для мабільных тэлефонаў «МНС Беларусі. Дапамога побач», і паўтарылі правілы выкарыстання першасных сродкаў пажаратушэння. А таксама не толькі пераканаліся ў эфектыўнасці і карысці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, але і паспрабавалі паспаборнічаць у яго ўсталяванні
Завяршылася мерапрыемства праглядам фільма «Студэнты. Бяспека. Будучыня».
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №10 ад 08.02.2022 г.
У 2021 годзе аўтаномны пажарны апавяшчальнік выратаваў на Віцебшчыне амаль тры дзясяткі жыццяў.
АПІ рэагуе на задымленні, падае гучны сігнал, разбудзіць чалавека, які спіць.
Рэкамендавана ўстанавіць яго ва ўсіх жылых пакоях, размясціўшы ў цэнтральнай часці столі.
Ачышчаць ад пылу з дапамогай пыласоса ці фена не радзей аднаго раза ў год, своечасова мяняць батарэйкі, правяраць працаздольнасць адзін раз у месяц націсканнем тэставай кнопкі.