Сістэма працуе стабільна
Вынікі работы за мінулы год і бліжэйшыя планы абмеркавалі на выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. У абмеркаванні ўзялі ўдзел старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін і яго намеснік Уладзімір Пенін.
Кіраўнік галіны Дзмітрый Хома адзначыў, што цяжкасці, выкліканыя пандэміяй, не перашкодзілі сістэме адукацыі працаваць стабільна і паказаць па многіх накірунках лепшыя за апошнія гады вынікі. У прыватнасці, школьнікі вобласці заваявалі 124 дыпломы на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, 15 медалёў – на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах.
На фінансаванне галіны летась было накіравана звыш 730 мільёнаў рублёў. Сёлета сума складзе 834 мільёны. 25 устаноў адукацыі былі мадэрнізаваны. Больш за 70 працэнтаў сродкаў Сусветнага банка развіцця асвоены менавіта ў Віцебскай вобласці. Працягваецца праект «Школа будучага».
Усяляк падтрымліваць галіну адукацыі абяцаў кіраўнік вобласці, бо навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення – падмурак для далейшага развіцця грамадства. Аляксандр Субоцін звярнуў асаблівую ўвагу на выхаванне грамадзянскасці і патрыятычных пачуццяў у моладзі. Маладыя людзі павінны валодаць не толькі патрэбным багажом ведаў і ўменняў, але і шанаваць укладзеныя дзяржавай сілы і сродкі ў іх развіццё, імкнуцца прыносіць карысць краіне, рэзюмаваў старшыня аблвыканкама.
Ад Шумілінскага раёна ўдзел у рабоце калегіі ўзялі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, начальнік аддзела па адукацыі Валянціна Мянькова і загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Карнеева.
Дзмітрый Хома адзначыў работу Шумілінскага раёна па патрыятычным выхаванні, развіцці алімпіяднага руху, своечасовым асваенні грашовых сродкаў, забеспячэнні бяспекі навучэнцаў і іншых накірунках.
На калегіі былі прадэманстраваны дасягненні педагогаў і ўстаноў адукацыі вобласці. Па традыцыі лепшыя атрымалі ўзнагароды.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №10 ад 08.02.2022 г.