Юбілеі будзем святкаваць разам!
24 студзеня 1932 года ў свет выйшаў першы нумар нашай раённай газеты «Герой працы» (тады «Ленінскі шлях»), 90-гадовы юбілей якой нядаўна адзначыў раён.
90 гадоў для газеты – гэта ўзрост развіцця, асваення новых тэхналогій і творчых падыходаў, узрост новых задум і планаў.
Для чалавека ж 90 год – доўгае жыццё, напоўненае цяжкасцямі і радасцямі, узлётамі і падзеннямі. Далёка не кожнаму з жыхароў раёна пашчасціла дайсці да гэтай прыгожай даты. Колькі такіх людзей у Шумілінскім раёне, мы пакуль што не ведаем, але менавіта для іх мы адкрываем новую рубрыку «Равеснікі газеты», у якой маем намер пазнаёміць чытачоў газеты з 90-гадовымі юбілярамі.
Паважаныя жыхары раёна, калі вы ці нехта з вашых родных нарадзіліся ў студзені – снежні 1932 года і годна дайшлі да сваёй юбілейнай даты, напішыце нам. Можа, некаму ў сілу ўзросту самому зрабіць гэта цяжка, мы просім родных: напішыце нам пра вашых маці, бацьку, бабулю, дзядулю.
Напішыце коратка: дзе нарадзіўся, як склаўся лёс, якія жыццёвыя высновы вынес да свайго 90-гадовага юбілею, ці ведае і ці чытае газету «Герой працы». Калі аздобіце ваш аповед двума-трыма фатаздымкамі розных год, будзе зусім цудоўна.
А мы абавязкова (вядома ж, бясплатна) на старонках газеты раскажам пра ўсіх равеснікаў газеты «Герой працы» і павіншуем іх.
Інфармацыю можна дасылаць па пошце (211259 г. п. Шуміліна, вул. Ленінская, 24) ці на электронную пошту (G_pracy@vitebsk.by). Тэлефон для даведак 5-34-15.
Чакаем вашых лістоў!
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №9 ад 04.02.2022 г.