Тэхніка на ачыстку вуліц Шуміліна выязджае з 4 гадзін раніцы

Новости Общество Экономика

Будні камунальнай службы
«Снежныя» работы

Сёлетняя зіма як ніколі снежная. У сукупнасці з прыемнымі воку пейзажамі
ды вясёлымі забавамі для дзяцей яна прынесла і зімовыя клопаты людзям.
Пра тое, як арганізавана расчыстка ад снегу вуліц, дарог, прыдамавых тэрыторый шматкватэрных дамоў, пацікавіліся ў намесніка дырэктара УП ЖКГ Аляксандра Левіта.

– Пачну з Шуміліна. На «снежныя» работы ў нас выдзелены чатыры адзінкі тэхнікі – грэйдзер, тры трактары з навяснымі адваламі для снегу, адзін з іх мае спецыяльныя шчоткі для ачысткі тратуараў. Прыдамавыя тэрыторыі шматкватэрных дамоў ачышчаюць чатыры работнікі. Тэхніка на ачыстку вуліц выязджае з 4 гадзін раніцы. Пры неабходнасці пасля ачысткі ад снегу дарогі пасыпаюцца пясчана-солевай сумессю, а тратуары – пяском. У першую чаргу адпрацоўваюцца найбольш ажыўленыя вуліцы і дарогі. Гэта робіцца для таго, каб людзі без праблем дайшлі і даехалі да работы, да бальніцы і ўстаноў адукацыі.
Як паказвае практыка, да 7.30 тэхніка паспявае справіцца з найбольш запатрабаванымі дарогамі. Пасля гэтага ачышчаем астатнія вуліцы і дарогі. Шуміліна ўмоўна разбіта на некалькі мікрараёнаў. За кожным замацавана пэўная адзінка тэхнікі, якая і расчышчае там вуліцы.
Пры неабходнасці пасля 14 гадзін тэхніка можа вярнуцца на найбольш ажыўленыя дарогі і вуліцы. Гэта робіцца для таго, каб людзі без праблем вярнуліся з рабочых месцаў дадому.
Алгарытм працы ёсць і на сяле. Так, амаль усе падраздзяленні УП ЖКГ маюць па адной адзінцы тэхнікі для ўборкі снегу. Таксама заключаны дагаворы з большасцю сельгаспрадпрыемстваў на расчыстку ад снегу. У першую чаргу ачышчаюцца найбольш буйныя населеныя пункты. Звычайна за дзень ачышчаюцца 2-3 вёскі. Адзначу, што начальнікі падраздзяленняў трымаюць цесную сувязь з сельвыканкамамі і ўзгадняюць маршруты, гэта робіцца, каб без праблем у вёскі даехалі аўталаўка і грамадскі транспарт. Зразумела, што маланаселеныя вёскі расчышчаем у апошнюю чаргу, у моцныя снегапады гэта могуць быць і трэція суткі.
І яшчэ. Хочацца звярнуцца да аўтааматараў, якія прыпаркоўваюць свае аўто каля шматпавярховак і тым сам перашкаджаюць рабоце снегаачышчальнай тэхнікі. Калі ставіце сваю машыну, думайце і пра тое, каб не стварыць праблемы іншым.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №9 ад 04.02.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *