90-годдзе раённай газеты «Герой працы» адсвяткавалі ў Шуміліне

Главное Новости Общество

90 год – разам з чытачамі!

90-годдзе раённай газеты «Герой працы» адсвяткавалі ў раённым цэнтры культуры 27 студзеня.
Днём нараджэння шумілінскай раёнкі лічыцца 24 студзеня 1932 года, калі выйшаў першы нумар газеты Сіроцінскага раёна «Ленінскі шлях». За сваю гісторыю газета некалькі разоў мяняла назвы: «Ленінскі шлях», «Сталінскі сцяг», «Запаветы Ільіча», «Герой працы». За 90 год пабачыла свет ужо амаль 10 тысяч нумароў выдання. За гэты час над стварэннем газеты працавалі сотні людзей: рэдактары, карэспандэнты, адказныя сакратары, фатакоры… Сёння над стварэннем раённай газеты працуюць 11 чалавек – дружная каманда, якая жыве сваёй справай, роднай газетай…
Шматлікія старонкі гісторыі газеты і сучаснага жыцця рэдакцыі былі прадстаўлены ў фае на выставах, якія прыцягвалі ўвагу гасцей свята.
Прыемна, што зала была запоўнена, а значыць, у журналістаў раёнкі шмат сапраўдных сяброў, якія прыйшлі раздзяліць радасць падзеі разам з калектывам рэдакцыі. Прыйшлі на свята ветэраны працы, былыя работнікі рэдакцыі газеты: Мікалай Мароз, Ларыса Дамарацкая, Вольга Мацюшкова, Галіна Шылко, Валянціна Шнявіна.
Намеснік старшыні Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта Святлана Цімашэнка шчыра павіншавала калектыў з юбілеем, уручыла Ганаровую грамату райвыканкама загадчыку аддзела рэдакцыі Ларысе Зайцавай і Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў – галоўнаму рэдактару Сяргею Ермалаеву. Рэдакцыя атрымала і падарунак – сертыфікат на набыццё камп’ютара.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Анатоль Гуцуляк зачытаў вітальны адрас ад Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусі і Віцебскага аблвыканкама, уручыў граматы ўпраўлення адказнаму сакратару Алене Карпушэнка і загадчыку аддзела Аліне Пятровай.
Выказалі шматлікія словы віншаванняў і добрых пажаданняў, а таксама ўручылі ўзнагароды работнікам рэдакцыі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэй Мазанкоў, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работ-нікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сабірава і многія іншыя.
«Гэта наша з вамі агульная газета, наша агульнае свята, паважаныя чытачы і падпісчыкі. Толькі дзякуючы вам раённая газета існуе, застаецца запатрабаванай», – падзякаваў са сцэны галоўны рэдактар Сяргей Ермалаеў. Ён уручыў падзячныя лісты Віктару Улюценку (Антон Параскевін), Віктару Гусакову (Віктар Бярозкін) і Вользе Коцікавай – пазаштатным аўтарам газеты, якія многія гады пішуць для раённай газеты.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза журналістаў Беларусі, публіцыст, краязнаўца Віктар Улюценка пажадаў калектыву раёнкі творчых поспехаў і цікавых ідэй.
Сапраўдны сюрпрыз учынілі і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў Шумілін-шчыны, якія адзін за адным выходзілі на сцэну, каб сказаць цёплыя словы і ўручыць памятныя падарункі калектыву рэдакцыі. У прыватнасці, дырэктар Шумілінскага лясгаса Аляксандр Лабынцаў падарыў калектыву рэдакцыі вельмі неабходны прынтар (МФУ фармата А3).
Для чытачоў газеты была праведзена акцыя «Праз гады разам і назаўжды», удзельнікі якой прадставілі найстарэйшы выпуск газеты «Герой працы» з дамашняга архіва. Пераможцай стала Таццяна Янчанка, якая прынесла нумар газеты за 1976 год і атрымала сертыфікат на квартальную падпіску. Такога нумара няма нават у архіве рэдакцыі.
Было шмат музыкі і песень у юбілейны дзень нараджэння газеты, якія дарылі артысты раённага цэнтра культуры. Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства фінальнай песняй «Як выдатна, што ўсе мы тут сёння сабраліся» ў выкананні калектыву рэдакцыі.
Журналісты газеты ідуць у нагу з часам, актыўна развіваюць інтэрнэт-рэсурсы. Сучасная газета «Герой працы» мае сайт, групы ў сацыяльных сетках, што дазваляе землякам, якія жывуць за межамі раёна, і тым, каму зручней віртуальная прастора, быць у курсе мясцовых падзей. Многае змянілася за гады існавання газеты. Але засталося галоўнае – газета заўсёды была блізкая да жыхароў раёна.  «Герой працы» – гэта гісторыя нашага раёна ў газетных радках. З яе старонак чытачы даведваліся, як сеюць, будуюць, навучаюць, лечаць, выхоўваюць, займаюцца дабрачыннымі справамі, заваёўваюць спартыўныя вяршыні. Газета аб’ектыўна расказвае пра жыццё раёна.  Мы ганарымся ёю, любім і чакаем.
Вольга КОЦІКАВА,
пазаштатны карэспандэнт.
Апублікавана ў №8 ад 01.02.2022 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *