Старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч павіншавалі Юрыя Сямёнава з юбілеем!

Новости Общество Сельское хозяйство

Нарадзіўся ў Мішневічах, а працуе ў Мішкавічах

Сапраўдны гаспадарнік на зямлі, талковы кіраўнік і аграном, які пастаянна вучыцца, спасцігае новае, эксперыментуе. Добры сябар, бацька і сем’янін. Гэтыя словы пра кіраўніка СФГ «Раднік» Юрыя Сямёнава, якому з нагоды юбілею старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч уручылі Ганаровую грамату райвыканкама і падарунак.

– Дабрабыту Вам, здароўя і росквіту фермерскай гаспадаркі, – пажадаў падчас віншаванняў Сяргей Галынчык. – Спа-дзяемся, «Раднік» яшчэ заявіць пра сябе новымі гатункамі шматгадовых траў, багатым ураджаем зерневых культур.
Юрый Сямёнаў расказаў гісторыю свайго фермерства, якое летась адсвяткавала трыццацігоддзе. У далёкім 1991 годзе былы галоўны аграном калгаса «Ленінскі прызыў» рызыкнуў стаць фермерам. І гэта стала справай яго жыцця. Атрыманыя сельгасугоддзі фермер і яго аднадумцы (іх было шэсць) выкарыстоўвалі па-гаспадарску. Вырошчвалі бульбу і зерневыя. Справы ішлі нядрэнна. У сярэдзіне 90-х даход гаспадаркі быў такі, што за гэтыя грошы маглі купіць верталёт. Але ж замест яго з’явіліся новыя трактары і прычапныя агрэгаты, бульбасаджалка і бульбакапалка – яны фермеру былі больш патрэбныя.
У 2002 годзе фермерская гаспадарка ўзяла пад сваё крыло адстаючы на той час калгас «Ленінскі прызыў». Такі «прычэп» аказаўся даволі важкім. Акрамя таго, нялёгка было пераламаць псіхалогію людзей, каб яны зразумелі: перш чым атрымаць грошы, трэба іх зарабіць.
Зараз у СФГ «Раднік», якая з’яўляецца адной з вялікіх фермерскіх гаспадарак у краіне, працуе семдзесят чалавек. Гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні элітнага насення шматгадовых траў, зерневых, зернебабовых, крыжакветных і бульбы. Насеннем забяспечваюць як бліжэйшыя раёны, так і ўсе вобласці рэспублікі.
– Я ганаруся, што жыццё прысвячаю любімай справе – рабоце на зямлі, – кажа Юрый Сямёнаў. – Займаюся тым, што ўмею рабіць добра, і гэта прыносіць задавальненне. Увогуле я шчаслівы чалавек: нарадзіўся ў Мішневічах, а працую ў Мішкавічах (напэўна, лёс мне падрыхтаваў сугучныя па назвах вёскі), люблю сваю работу і сям’ю, маю дваіх дастойных сыноў, у мяне тры цудоўныя сястры, многа надзейных сяброў. З гэтага і складаецца маё шчасце.
Юрый Віктаравіч сустрэў юбілей з добрым настроем, з усмешкай, новымі планамі на жыццё. На яго думку, шэсцьдзясят гадоў для мужчыны – самы росквіт. Пра цябе не скажуць “молада-зелена”, ёсць жыццёвы вопыт, мудрасць, працоўныя здабыткі – у гэтым і ёсць плюсы. А што тычыцца ўзросту, то душэўная старасць можа прыйсці і ў дваццаць, калі ты не маеш ніякіх мэт перад сабой.
У Юрыя Сямёнава ёсць такія мэты. Ён многа працуе па фермерскіх справах, бо ўзначальвае Беларускае грамадскае аб’-яднанне фермераў і з’яўляецца старшынёй праўлення Віцебскай абласной асацыяцыі фермераў, членам кансультацыйнага (экспертнага) савета па прадпрымальніцтве Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Многа задач і наконт развіцця СФГ «Раднік»: займацца элітным насенняводствам зерневых і зернебабовых розных гатункаў, і надалей вырошчваць азімую свірэпіцу, насенне шматгадовых траў. А ў планах на перспектыву – зноў вярнуцца да вырошчвання лекавых траў, бо такі вопыт ужо ёсць.
За шматгадовую плённую работу ў сістэме аграпрамысловага комплексу Юрыю Сямёнаву была ўручана Ганаровая грамата Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

Сяргей Галынчык і Мікалай Будневіч віншуюць Юрыя Сямёнава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *