В среду прошла “прямая линия» председателя Шумилинского райисполкома В. П. Куренного с жителями района

Актуалии Президент

В. П. Куренной, председатель Шумилинского райисполкома

Задачы трэба ставіць  па інстанцыі. Прычым, найперш – перад сабой. Многае ж можам вырашыць самі, калі захочам. Калі ж праблема патрабуе пабочнага ўмяшальніцтва (напрыклад, прарвала водаправод, прапала святло, не прыехала аўталаўка і г. д.), у раёне створаны шэраг спецыяльных службаў, якія створаны для таго, каб рашаць гэтыя пытанні. Але ж як часта людзі мінуюць першыя інстанцыі (найперш самога сябе) і шыбуюць адразу да старшыні райвыканкама, да губернатара, да прэзідэнта: “дайце мне, зрабіце, забяспечце…”
Гэтыя думкі засталіся пасля “прамой лініі” і асабістага прыёму грамадзян, што правёў у гэтую сераду старшыня райвыканкама Уладзімір Пятровіч Куранны.
На прыёме жанчына, просіць жыллё. Ёй з малодшай дачкой (а ўсяго ў яе чацвёра дзяцей) няма дзе жыць. Спачатку думаеш: бедная, гаротная. Потым высвятляецца, што быў у гэтай жанчыны дом, нішто сабе, з цэглы складзены, непадалёк ад мястэчка Обаль, быў муж, была сям’я. Потым муж пайшоў да іншай, а яна – да сужыцеля ў Обаль. Цяпер сужыцель яе выгнаў, дом раскралі-расцягнулі. Жыць ёй недзе, ідзе да кіраўніка раёна: “Дайце жыллё…”
На прыёме другая жанчына, маладая, маці-адзіночка, ёй нязручна жыць з малым дзіцём у бацькоўскай кватэры, хочацца самастойнасці. Мінуючы службу “адно акно”, не цікавячыся, ці паставяць яе на ўлік як маючую патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, ідзе да старшыні райвыканкама: “Дайце жыллё”.
Звоніць мужчына, просіць: “Дайце тэхніку дровы прывезці…” І аказваецца, што ў райпаліўзбыт, дзе такую паслугу акажуць без праблем, ён наогул не звяртаўся.
На тэлефоне пенсіянерка, яна яшчэ працуе, муж працуе. Жанчына просіць перанесці выплаты за тэлефон, за кабельнае тэлебачанне і іншыя з 25 на 1-е чысло, бо зарплату ў арганізацыі выплачваюць у канцы месяца. Так, згаджаецца старшыня, час сёння няпросты, але ж трэба загадзя планаваць свае расходы, вы ж не маладая сям’я, у вас і зарплата, і пенсія…
Чамусьці такіх пытанняў становіцца ўсё больш. А яшчэ – дробязных, якія павінны рашацца адпаведнымі службамі, тым жа камунгасам, напрыклад, па сушылках ручнікоў, але зноў па гэтым пытанні 3 звароты, прычым, адзін – калектыўны – з дома № 11 па вуліцы Кароткіна райцэнтра. І калі недапрацоўвае камунгас, прыходзіцца кіраўніцтву раёна займацца гэтай праблемай, складаць графік рамонту сістэмы ацяплення, каб была ў трубах цыркуляцыя і грэліся гэтыя трубы ў ванных пакоях. Дарэчы, як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў, ва ўпамянутым доме № 11 рамонт будзе зроблены ў бягучым красавіку.
Безумоўна, у людзей ёсць і такія пытанні, якія ім самім пры ўсім іх жаданні не вырашыць. Менавіта з такім пытаннем прыйшлі на прыём работніцы Обальскага керамічнага завода А. Н. Перабейнос, Н. І. Шалгунова, Н. Ф. Садоўская. Тут сапраўды праблема, жанчыны хвалююцца не толькі за сябе, за калектыў, лёс прадпрыемства.
У. П. Куранны тлумачыць жанчынам, што цэх № 1 усё адно будзе закрыты на рэканструкцыю, недапушчальна, што сабекошт обальскай цэглы ў паўтара-два разы вышэй, чым на той жа “Кераміцы”. Хто яе купіць? На заводзе трэба ўстанаўліваць лінію па выпуску бардзюрнага каменя і пліткі, перакананы Уладзімір Пятровіч, але ніхто не пакіне завадчан сам-насам у гэтай сітуацыі. Кіраўніцтва раёна шукае людзям работу на іншых прадпрыемствах. Старшыня райвыканкама паабяцаў асабіста сустрэцца з калектывам ОКЗ, каб абмеркаваць набалелае.
Трывожны званок паступіў з аграгарадка Мішневічы ад І. А. Гаўрылавай: “Разбураюцца дамы, пабудаваныя ўсяго 6 год таму. Праз трэшчыны бачна вуліца. Дамы ў свой час будавала ПМК-70, зрабілі няякасна. Ужо некалькі разоў “лапілі”, але  выніку няма.
Распараджэнне ад старшыні райвыканкама кіраўніцтву ПМК-70 катэгарычнае: “Узмацняйце фундамент, рабіце рэканструкцыю, але рабіце так, каб людзі скардзіліся апошні раз”.
Такое ж безапеляцыйнае распараджэнне атрымаў лясгас па выдзяленні лесу У. А. Лінкевічу з Мікалаёва, які з ліпеня не можа дабіцца рашэння пытання. І грошы ў чалавека ёсць, і ў лесе жывём, але ж зноў нейкая валакіта.
Два пытанні паступіла па аўтобусным руху. Яны ўжо знаходзяцца на кантролі райвыканкама, знаходзяцца ў стадыі вырашэння.
Не абышлося і на гэты раз без пытанняў па расчыстцы дарог, рамонце калонак, нізкай тэмпературы ў кватэрах. Усе яны пастаўлены на кантроль, па кожным ідзе праверка. Некаторыя будуць вырашаны літаральна ў лічаныя дні, іншым спатрэбіцца больш часу.
Але далёка не ўсё можна рашыць за дзяржаўны кошт. На ўсё не хапае дзяржаўнай кішэні. Напрыклад, на падключэнне да цэнтральнага газавага ацяплення шматпавярховага дома ў Слабадзе з пячным ацяпленнем. Тут ужо самім жыльцам трэба паклапаціцца, ствараць кааператыў. Хаця і тут дзяржава возьме на сябе частку клопатаў. Але ўсё ж пытанні трэба ставіць па інстанцыі.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №16 ад 24.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *