Канстытуцыйную рэформу абмеркавалі лідары грамадскіх аб’яднанняў
На пасяджэнні каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Шумілінскага раёна, якое прайшло на мінулым тыдні, галоўным пытаннем парадку дня стала абмеркаванне праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Пасяджэнне правёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, які з’яўляецца адначасова і старшынёй каардынацыйнага савета. Удзел у пасяджэнні прыняў старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык.
«Папраўкі і змяненні ў Канстытуцыі накіраваны перш за ўсё на тое, каб захаваць дзяржаўнасць, стабільнасць у грамадстве і парадак, – сказаў, адкрываючы пасяджэнне, кіраўнік раёна. – З унясеннем важных і неабходных паправак у Канстытуцыю будзе забяспечаны наш заўтрашні дзень. Гэта наш асноўны закон, па якім будзем жыць мы і нашы дзеці. І вельмі важна не заставацца раўнадушнымі».
Выступаючы перад лідарамі раённых грамадскіх аб’яднанняў, сваю думку па найбольш істотных змяненнях і дапаўненнях агучыў Мікалай Будневіч, аргументаваўшы іх актуальнасць і запатрабаванасць.
Як паказала дыскусія і жывое абмеркаванне паправак у праект Канстытуцыі, грамадскія аб’яднанні не застаюцца ў баку ад такіх важных падзей і пытанняў. Якія паўнамоцтвы і кампетэнцыя Усебеларускага народнага сходу, хто павінен быць яго кіраўніком, якія нюансы варта ўлічваць пры ўсынаўленні нашых дзетак – па гэтых пытаннях сваімі думкамі падзяліліся старшыня раённай арганізацыі ваенных маракоў Віктар Прыходзька, старшыня раённай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Мікалай Шчарбіцкі, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Валерый Жандараў і іншыя.
Усе адзінагалосна выказаліся за падтрыманне змяненняў і абавязковы ўдзел у рэферэндуме.
2022 год абвешчаны Годам гістарычнай памяці. Гэтая тэма таксама была абмеркавана на пасяджэнні. Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава пазнаёміла з праграмай патрыятычнага выхавання насельніцтва, расказала, якія мерапрыемствы запланаваны ў раёне ў рамках Года гістарычнай памяці, і заклікала лідараў грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый раёна прыняць у ёй актыўны ўдзел.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №6 ад 25.01.2022 г.
Сяргей Галынчык выступае перад удзельнікамі пасяджэння каардынацыйнага савета.