Растуць юныя даследчыкі
Шумілінскія дашкольныя ўстановы актыўна ўключыліся ў правядзенне рэспубліканскага конкурсу даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту «Я – даследчык».
Па-праўдзе, калі рэдакцыю запрасілі на раённае мерапрыемства ў Шумілінскі дзіцячы сад №1, падумалася, што там праходзіць які-небудзь калядны ранішнік. Аказалася, тут праходзіў першы (раённы) этап рэспубліканскага конкурсу, і ў актавай зале працавала сапраўдная даследчая лабараторыя, дзе юныя навукоўцы расказвалі гледачам і журы пра вынікі сваіх эксперыментаў. Усё па-даросламу.
На конкурс было пададзена дзевяць работ з васьмі дашкольных устаноў па трох намінацыях: «Дзіця і прырода», «Незвычайнае ў звычайным», «Бюро знаходак».
Уразіла падрыхтаванасць дзяцей, прапрацаванасць тэм. Відавочна, што тэмы распрацоўваліся не наскокам, што даследчая работа дзяцей, безумоўна, з дапамогай выхавальнікаў і бацькоў, вялася сур’ёзная. Бо тут мала вывучыць тэкст, трэба было зацікавіць дзяцей, захапіць абранай тэмай, правядзеннем навуковага эксперыменту і, галоўнае, падштурхнуць іх да радасці адкрыцця. І навучыць цікава падаць атрыманы матэрыял.
І дзеці ў большасці трымаліся ўпэўнена, лёгка карысталіся нагляднымі матэрыяламі, не губляліся, калі члены журы задавалі ім пытанні. І было па-сапраўднаму цікава слухаць, як яны назіралі за павукамі і хамякамі, пяклі хлеб і вырошчвалі гарох, эксперыментавалі з малаком, фарбай для прынтара, снегам, мыльнымі пузырамі… Аказалася, навуковыя адкрыцці – на кожным кроку, толькі не стамляйся вывучаць.
Было бачна, што многія юныя навукоўцы гатовы прад’явіць свае даследаванні і на вобласці, і нават на рэспубліцы.
Перад журы стаяла складаная задача пры вызначэнні пераможцаў. Але вопытныя члены журы на чале з намеснікам начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Інай Чарнічэнка годна справіліся: выбралі самых падрыхтаваных з арыгінальнымі тэмамі і астатніх не пакрыўдзілі, каб не адбіць ахвоту і надалей займацца навуковай дзейнасцю.
У выніку журы прыняло рашэнне ўзнагародзіць дыпломамі аддзела па адукацыі наступных выхаванцаў:
Дыплом I ступені за работу «Хто такія павукі?» прысуджаны Кірылу Шавяку з Шумілінскага ясляў-сада №3 (кіраўнік Лабачова Н. Я.).
Дыплом II ступені атрымалі Уладзіслаў Скрыпкін (Шумілінскі яслі-сад №1, кіраўнік Ткачова Н. В.) за работу «Навагоднія цацкі» і Паліна Новікава (Шумілінскі яслі-сад №4, кіраўнік Марозава Т. С.) за работу «Хлеб – усяму галава».
Дыпломам III ступені ўзнагароджаны Ганна Бурлакова (Шумілінскі яслі-сад №2, кіраўнік Быкава А. Ю.) за работу «Чаму малако белае?», Варвара Купрыянава (Мікіціхінскі яслі-сад, кіраўнік Дышко М. Д) за работу «Вырошчванне мікрагрына ў дамашніх умовах у асенне-зімовы перыяд» і Аляксандр Прыгун (Светласельскі яслі-сад, кіраўнік Гарлачова А. В.) за работу «Ці ёсць у фарбе ад прынтара часцінкі металу?».
Дыпломы ўдзельнікаў раённага этапа рэспубліканскага конкурсу «Я – даследчык» атрымалі Марыя Шніпава з Шумілінскага ясляў-сада №3 за работу «Мой дамашні хамячок Хома», Васіліса Краўцова з Башнёўскага ясляў-сада за работу «Які ж брудны гэты чысты снег» і Паліна Вайцяховіч (Мішневіцкі яслі-сад – базавая школа) з работай «Чараўніцтва мыльных пузыроў».
Метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Любоў Сямёнава адзначыла, што ва ўстановах дашкольнай адукацыі раёна праводзіцца мэтанакіраваная работа па стварэнні ўмоў для пазнавальнай даследчай дзейнасці дзяцей. А такія конкурсы са-дзейнічаюць прафесійнаму росту педагогаў, распаўсюджанню вопыту работы па развіцці ўменняў выхаванцаў, актыўнаму прыцягненню бацькоў да адукацыйнага працэсу.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №4 ад 18.01.2022 г.