Гэта наш выбар
У сераду, 11 студзеня, у Шумілінскай СШ №1 на сходзе педагогаў школы і раённага цэнтра дзяцей і моладзі прайшло абмеркаванне праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства дэпутат раённага Савета дэпутатаў Сяргей Сахончык расказаў:
– У лютым у Беларусі плануецца правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму, на якім будзе вынесена пытанне аб новай рэдакцыі Канстытуцыі. Няма ні адной дзяржавы, у якой дзейнічала Канстытуцыя ў тым выглядзе, у якім яна была прынята. Патрабаванні часу выклікаюць неабходнасць змяненняў і ў Асноўным Законе, каб дзяржава развівалася і рухалася наперад.
З праектам абноўленай Канстытуцыі можна пазнаёміцца на сайце pravo.by, сюды ж можна і накіроўваць свае прапановы, таксама ў апошнія дні 2021 года ў газетах Беларусі выйшаў і друкаваны варыянт абноўленай Канстытуцыі.
Што хвалюе педагогаў у абноўленай Кантытуцыі? Як паказала сустрэча, практычна ўсё. І новы орган улады –Усебеларускі народны сход, і захаванне гістарычнай памяці, і сямейныя каштоўнасці, і змяненні ў сістэме выбараў. Пра ўсе новаўвядзенні падрабязна гаварылі, выказвалі свае думкі.
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова акцэнтавала ўвагу на тым, што ў новай рэдакцыі Канстытуцыі ёсць раздзел пра здароўе. «Так, дзяржава, як і раней, дае сацыяльныя гарантыі, гарантуе бясплатную медыцыну, – адзначыла Валянціна Васільеўна. – Асабіста мяне радуе, што ў Канстытуцыі прапанавана прапісаць, што чалавек сам павінен клапаціцца пра сваё здароўе. І гэта абсалютна правільна. У нас багата спартыўных залаў і аб’ектаў, аздараўленчых цэнтраў. Ідзі, займайся, умацоўвай сваё здароўе».
Дырэктар Шумілінскай СШ №1 Наталля Мясаедава заўважыла, што ўсенароднае галасаванне – гэта магчымасць для кожнага грамадзяніна абраць шлях развіцця дзяржавы. «Гэта наш выбар, – падкрэсліла Наталля Васільеўна.– І я ўпэўнена, што кожны з нас зробіць правільны выбар. Выбар на карысць дзяржавы, на карысць будучыні, на карысць людзей».
Алесь САКАЛОЎ.