Работников социальной службы Шумилинского района поздравили с профессиональным праздником

Новости Общество

Сардэчнае цяпло аддаюць людзям

Работнікі сацыяльнай службы раёна 5 студзеня адзначылі сваё прафесійнае свята. На ўрачысты сход у Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларыса Жукава.

Сацыяльная служба – складаная і вельмі неабходная сфера дзейнасці, якая патрабуе велізарных душэўных сіл і не трывае чэрствых і абыякавых людзей. Гэта хутчэй не служба, а служэнне, якому прысягаюць не з пачуцця службовага абавязку, а па поклічу сэрца, падкрэсліла ў сваім выступленні дырэктар установы Валянціна Штуро.

Дзякуючы спецыялістам цэнтра ў раёне забяспечваецца сацыяльная падтрымка пажылых грамадзян і інвалідаў, мнагадзетных сем’яў, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, грамадзян, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Валянціна Рамуальдаўна адзначыла, што важную ролю адыгрывае аказанне людзям дзейснай фізічнай, псіхалагічнай, арганізацыйнай, кансультацыйнай і іншай дапамогі, на што і накіравана дзейнасць шасці аддзяленняў цэнтра. Безумоўна, найбольш запатрабаванай формай аказання сацыяльных паслуг, якая дае магчымасць максімальна прадоўжыць знаходжанне пенсіянераў і інвалідаў у звыклай для іх дамашняй атмасферы, застаецца абслугоўванне на даму.
Калі ўсе магчымасці знаходжання ў хатніх умовах пажылога чалавека вычарпаны, прапануецца змяшчэнне ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў у аг. Мішневічы, якое разлічана на 30 месцаў. За 2021 год сацыяльныя паслугі ў аддзяленні атрымалі 33 жыхары раёна. Сярэднямесячная колькасць падапечных аддзялення складае 26 чалавек. Сярэдні ўзрост пражываючых – 74 гады.
Валянціна Штуро па-віншавала свой калектыў з прафесійным святам, падзякавала за прафесіяналізм, адданасць справе і працавітасць і пажадала ўсяго самага налепшага.
Паставіў самую высокую адзнаку рабоце раённай сацыяльнай службы старшыня райсавета Мікалай Будневіч. Ён падзякаваў сацыяльным работнікам за сардэчнасць, разуменне і годнае выкананне службовых абавязкаў і ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама сацыяльнаму работніку Кацярыне Калашнік. Падзяку старшыні райвыканкама атрымала сацыяльны работнік Валянціна Акуцёнак.
Ганаровую грамату камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Ларыса Жукава ўручыла кіраўніку гуртка аддзялення ТЦСАН Марыне Валчэцкай, Падзяку старшыні камітэта атрымалі сацыяльныя работнікі Валянціна Карапузава, Алена Калдунова і Святлана Прыгожая. Лепшыя работнікі цэнтра таксама атрымалі пасведчанні аб занясенні на Дошку гонару ўстановы, былі адзначаны падзякамі.
98 работнікаў ТЦСАН працуюць для таго, каб ніводны наш жыхар не адчуваў сябе адзінокім і разгубленым. Сацыяльныя работнікі моцныя духам, цярплівыя і сардэчныя. Іх сіла – у іх дабрыні, уменні спачуваць і вялікім жаданні дапамагаць.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №2 ад 11.01.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *