«Навагодні перапалох»
У Шумілінскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі прайшоў навагодні ранішнік «Навагодні перапалох».
Для выхаванцаў цэнтра была падрыхтавана забаўляльная праграма з гульнямі, конкурсамі, загадкамі. Дзеці расказвалі вершы, спявалі, танцавалі. Дзед Мароз і Снягурка радавалі хлопчыкаў і дзяўчынак салодкімі пачастункамі.
На ранішнік завіталі госці: старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Святлана Цімашэнка і старшыня прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Таццяна Шчарбакова. Яны павіншавалі ўсіх са святам, пажадалі дабрабыту, здароўя і шчасця, расказалі пра дабрачынныя акцыі «Нашы дзеці» і «Прафсаюзы – дзецям». Выхаванцам цэнтра яны ўручылі сумесны падарунак – дыдактычныя гульні, інвентар для арганізацыі работы па працоўнай дзейнасці і салодкія пачастункі.
Дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі Алёна Шашкова падзякавала ўсім, хто дапамагае цэнтру: адміністрацыя і прафсаюз лясгаса падарылі лагапедычны стол, дыдактычныя гульні і кніжкі для дзяцей; індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Мацуганаў прэзентаваў гаспадарчы інвентар, які педагогі будуць выкарыстоўваць на ўроках; ПМК-70, ДРБУ-204, гандлёвае прадпрыемства «Санта-Рытэйл» прывезлі салодкія падарункі. З цацкамі, кніжкамі і тортам завітала ў цэнтр індывідуальны прадпрымальнік з Шуміліна Святлана Сталярова.
У рамках акцыі «Дзеці – дзецям» у цэнтр з навагоднімі віншаваннямі і сувенірамі завіталі вучні Слабадской школы. Валанцёры з СШ №1 г. п. Шуміліна гулялі і танцавалі разам з выхаванцамі цэнтра, вадзілі карагоды, дарылі дзецям навагоднія самаробныя паштоўкі.
Педагагічны калектыў цэнтра выказвае словы падзякі ўсім, хто завітаў ва ўстанову ў пераднавагоднія дні з цёплымі віншаваннямі, і жадае ўсім здароўя і поспехаў у новым годзе.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №102 от 30.12.2021 г.