Галіна Донава: «Працаваць складана, але цікава»

Общество Экономика

«Працаваць складана, але цікава»

Усе, хто хоць раз наведваў Белаграпрамбанк, не мог не заўважыць яркую брунетку, рабочае месца якой знаходзіцца ў самым цэнтры залы. Гэта Галіна Донава, якая працуе тут вядучым спецыялістам па абслугоўванні прыватных кліентаў аддзела рознічных продажаў.

«Галіна Мікалаеўна ў нас, як кажуць, на перадавой, твар банка, – заўважае дырэктар Наталля Крыўко. – Ветлівая, пазітыўная, камунікабельная, пунктуальная. Граматная і канкрэтная. У яе ўсё па палічках».
Гэтыя якасці, прызнаецца сама Галіна Донава, і дапамагаюць ёй вось ужо амаль 8 год працаваць у Белаграпрамбанку, быць запатрабаванай, заўсёды знаходзіць агульную мову з кліентамі, вырашаць іх пытанні, дапамагаць. А звяртаюцца да яе з самымі разнастайнымі запытамі: па працэдурах з дэпазітамі, картрахункамі, карткамі, крэдытаваннем, вырашэннем спрэчных пытанняў.
«Работа ў банку абавязвае ісці ў нагу з часам, – дзеліцца вядучы спецыяліст. – Неабходна ўвесь час удасканальвацца, вучыцца. Стараюся, каб кліенты пасля візіту заставаліся задаволеныя абслугоўваннем банка, пераконваю іх у тым, што не трэба баяцца спрабаваць новае. Практычна кожны, хто спачатку з недаверам адносіўся, напрыклад, да інтэрнэт-банкінгу, вельмі хутка дзякуе за падказку і наводку».
Галіна Донава некаторы час працавала ў рэдакцыі, да абавязкаў адносілася адказна, сур’ёзна і сумленна. Калі мы даведаліся, што яна збіраецца ісці ў банк, адпусцілі, бо ведалі, што яна пра такую работу марыла. У свой час закончыла Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, атрымала прафесію эканаміста-менеджара. Калі трапіла ў банк, рэальнасць не расчаравала. Працаваць складана, але цікава, прызнаецца яна. А ўсё таму, што работа любімая і ёсць вялікае жаданне рабіць сваю справу якасна.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №102 от 30.12.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *