Сталічныя ўражанні
Для траіх школьнікаў Шумілінскага раёна – Мікіты Глаўдзеля з Шумілінскай СШ №1, Кацярыны Сільвестравай з Шумілінскай СШ №2 і Канстанціна Іванова з Мішневіцкай яслі-сад-базавай школы – адыходзячы 2021 год запомніцца надзвычайнай падзеяй у іх жыцці.
Менавіта ім выпаў гонар прадстаўляць наш раён на галоўнай ёлцы краіны ў Мінску, якая кожны год запрашае да сябе хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх куткоў Беларусі.
Зараз дзяцей перапаўняюць уражанні ад паездкі. Канстанцін Іваноў у захапленні ад навагодняга прадстаўлення «Чароўная сіла» з яго неверагоднымі дэкарацыямі, а таксама ад падарункаў – рукзака цукерак і сувеніра-пазла «Пазнай Беларусь». Кацярыну Сільвестраву уразіў Палац Рэспублікі, а Мікіту Глаўдзеля – тое, што яны сядзелі побач (праз два рады – рэд.) з Прэзідэнтам. А яшчэ перад вачыма Мікіты стаяць паветраныя акрабаты з Белдзяржцырка, дзе ладзілася навагодняе прадстаўленне і куды ім пашчасціла трапіць.
Мары збываюцца, кажуць дзеці. Хаця і самі яны для гэтага робяць многае: добра вучацца, актыўна ўдзельнічаюць у школьным жыцці і шчыра любяць свой край.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота БЕЛТА.
Апублікавана ў №102 от 30.12.2021 г.