Супрацоўнікі Віцебскага міжраённага аддзялення філіяла Дзяржэнергагазнагляду правялі тэматычную сустрэчу з трэцякласнікамі Шумілінскай СШ №1

Безопасность Новости Образование

Пасябруй з электрычнасцю

Напярэдадні калядных і навагодніх свят і з нагоды Дня энергетыка супрацоўнікі Віцебскага міжраённага аддзялення філіяла Дзяржэнергагазнагляду правялі 23 снежня тэматычную сустрэчу з трэцякласнікамі Шумілінскай СШ №1.

На пачатку мерапрыемства дырэктар філіяла Дзяржэнергагазнагляду па Віцебскай вобласці Андрэй Васілеўскі, намеснік начальніка Віцебскага міжраённага аддзялення філіяла Дзяржэнергагазнагляду Іван Сазонаў, інспектары энергагазінспекцыі Юрый Лебедзеў і Андрэй Захарэнка павіншавалі ўсіх з надыходзячымі каляднымі і навагоднімі святамі. Галоўнае, каб святы прайшлі без надзвычайных сітуацый, падкрэслілі госці, а для гэтага важна захоўваць правілы бяспекі. Таму ў забаўляльнай форме нагадалі, як і каму можна карыстацца гірляндамі, як бяспечна паводзіць сябе падчас навагодніх свят.
Пасля вучням прапанавалі паўдзельнічаць у гульнявой праграме, дзе ў інтэрактыўнай форме прапаноўвалі замацаваць свае веды па бяспечных паводзінах у розных сітуацыях. Асноўным лейтматывам гульні сталі словы «пасябруй з электрычнасцю і будзеш у бяспецы». Асаблівую ўвагу вучняў засяродзілі на электрабяспецы. Яны ў простай і даступнай форме растлумачылі дзецям, што газ, электрычная і цеплавая энергія патрабуюць асцярожнага абыходжання з імі. У адваротным выпадку можа здарыцца непапраўнае. Акрамя таго, супрацоўнікі ўстановы распавялі аб правілах вызвалення пацярпелага ад дзеяння электрычнага току, правілах аказання першай медыцынскай дапамогі, аб мерах засцярогі пры карыстанні бытавымі электрапрыборамі, правілах знаходжання паблізу энергаўстановак. Юным удзельнікам мерапрыемства былі ўручаны тэматычныя падарункі, якія будуць нагадваць пра бяспеку ў розных сітуацыях.
Напрыканцы сустрэчы Андрэй Васілеўскі падвёў вынікі раённага конкурсу малюнкаў «Энергетыка вачыма дзяцей» і ўзнагародзіў падарункамі прызёраў, якія прысутнічалі на мерапрыемстве.
Алесь САКАЛОЎ.
Апублікавана ў №101 ад 28.12.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *