В шествии Дедов Морозов в Шумилино приняло участие около 200 сказочных персонажей

Главное Культура Новости Общество

Аперацыя «Дзед Мароз»

Каля 200 Дзедаў Марозаў, Снягурак і іншых казачных персанажаў паўдзельнічалі ў традыцыйным навагоднім парадзе, які прайшоў у Шуміліне ў мінулую пятніцу.

Цэнтр горада на некалькі гадзін пераўтварыўся ў сапраўдную навагоднюю казку. Такая канцэнтрацыя Дзедаў Марозаў – у яркіх уборах, са снежнымі бародамі і мяхамі, поўнымі цукерак – на адзін квадратны метр проста не магла пакінуць раўнадушнымі ні дзяцей, ні дарослых.

Колькі б гадоў нам ні стукнула, але жаданні пад Новы год мы загадваем абавязкова. І верым, што спраўдзяцца. А для гэтага, як ні круці, патрэбны сапраўдны Дзед Мароз.
Дзякуй прадпрыемствам і арганізацыям раёна, якія «выхавалі» ўсімі любімых герояў у сваіх калектывах. Напярэдадні мы пабывалі ў некаторых арганізацыях і бачылі, з якім трапятаннем будучыя ўдзельнікі параду прымяралі свае ўборы, рыхтаваліся да свята. І яно атрымаліся.

У навагоднія касцюмы пераапрануліся настаўнікі і ўрачы, дарожнікі і будаўнікі, газавікі, камунальнікі, прадстаўнікі іншых прафесій. Яны спявалі, танцавалі, гралі на гармоніках, чыталі вершы, загадвалі загадкі, вадзілі карагоды – шчыра выконвалі свае ролі. Некаторыя прыбылі да галоўнай ёлкі на чароўных навагодніх аўто!
Прадстаўнікі арганізацый і сельсаветаў раёна змагаліся за званне лепшых Дзеда Мароза са Снягуркай. Запомніліся самадзейныя артысты з жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія не толькі шмат жартавалі і спявалі, але і ўзварушылі гледачоў танцавальнымі трэндамі з ЦікТока. Сіроцінскія героі прыехалі ў Шуміліна сабраць навагоднія пажаданні гасцей свята і зрабіць усё магчымае, каб яны спраўдзіліся. З Мішневіч, наадварот, прывезлі куфар з пажаданнямі, якія шчодра раздавалі на свяце.
Вясёлым і арыгінальным было выступленне медыкаў. Яны спявалі прыпеўкі на злабадзённыя тэмы, а Снегавікі ў аднаразовых медыцынскіх касцюмах забаўлялі гледачоў гарачымі танцамі. У строгага «снежнага» журы знайшліся дыпломы і добрыя словы для ўсіх удзельнікаў конкурсу.
Галоўную ёлку раёна запалілі. Дзед Мароз стукнуў сваім чароўным посахам – і сотні, тысячы яркіх агеньчыкаў разляцеліся, каб успыхнуць яркімі лямпачкамі на ёлках у нашых дамах і кватэрах.

Да Новага года засталося некалькі дзён. Няхай гэта цудоўная ноч стане пачаткам здзяйснення вашых самых смелых мар і жаданняў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №101 ад 28.12.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *