Даюць святло!

Главное Новости Экономика

Даюць святло!

Ад прафесіяналізму, зладжанасці і аператыўнасці работнікаў раёна электрычных сетак залежыць бесперапынная падача электрычнасці ў нашы дамы і на прадпрыемствы. Яны займаюцца ліквідацыяй аварый у любы час сутак і ў любое надвор’е.

Лінейная брыгада па рамонце паветраных ліній у Мікалаеве. На здымку (справа налева): Аляксандр Шляхцянкоў, Дзмітрый Казлоў, Яўген Пальвінскі, Іван Вінаградаў, Ігар Сачнёў, Сяргей Дзягілеў і Віктар Марудаў.

Як толькі сігнал аб аварыі паступае ў дыспетчарскую раёна электрычных сетак, на месца здарэння адразу выязджае рамонтная брыгада. У Шумілінскім РЭС дзве лінейныя брыгады па рамонце паветраных ліній электраперадач. Менавіта на іх прыпадае ўвесь цяжар работы пры надзвычайных сітуацыях. «На нашым прадпрыемстве няма выпадковых людзей, кожны ведае, якая адказнасць ляжыць на нас, – падкрэслівае кіраўнік Шумілінскага раёна электрычных сетак Дзмітрый Муркоў. – Кожны разумее, што ад таго, як хутка і, галоўнае, якасна ён справіцца са сваёй работай, залежыць камфорт людзей, дзейнасць прадпрыемстваў».
Адну з рамонтных брыгад узначальвае майстар Дзмітрый Казлоў. Ён у Шумілінскім РЭС працуе каля дзесяці год. Спакойны, разважлівы, умее максімальна правільна размеркаваць падначаленых на рабочых месцах, электрычныя сеткі раёна ведае дасканала.
З брыгадай мы сустрэліся напрыканцы працоўнага дня ў вёсцы Мікалаева, дзе энергетыкі займаюцца рамонтам паветраных ліній, устаноўкай новага вулічнага асвятлення. Хлопцы за дзень замянілі каля 500 метраў паветраных ліній, на гэтым участку ўстанавілі новыя свяцільнікі. «Гэта наша звычайная работа, – пачаў гутарку Дзмітрый Казлоў. – У брыгадзе 6 чалавек, кожны цудоўна ведае свой участак работы. Электраманцёры Аляксандр Шляхцянкоў, Яўген Пальвінскі, Віктар Марудаў, вадзіцель-электраманцёр Ігар Сачнёў, вадзіцель Сяргей Дзягілеў, трактарыст Іван Вінаградаў – высакакласныя спецыялісты, адказныя і сумленныя работнікі, з імі можна выканаць любыя пастаўленыя задачы». Лінейная брыгада па рамонце паветраных ліній, якой кіруе Дзмітрый Казлоў, працуе як зладжаны механізм.
Дарэчы, майстар адзначыў, што сёлетні год для электрыкаў быў вельмі адказны: рыхтавалі Шуміліна да абласнога свята «Дажынкі». Брыгада Дзмітрыя Казлова адрамантавала 73 кіламетры паветраных ліній 0,4 кВ і выканала работу па пракладцы падземнага кабеля 10 кВ.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №99 ад 21.12.2022 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *