З канца лістапада жыхары прыватнага сектара Шуміліна, Мікіціхі і Обалі збіраюць смецце ў індывідуальныя пластыкавыя кантэйнеры

Общество Экология Экономика

Збіраем смецце па-новаму

З канца лістапада жыхары прыватнага сектара Шуміліна, Мікіціхі і Обалі збіраюць смецце ў індывідуальныя спецыялізаваныя пластыкавыя кантэйнеры.

«Вясной мы папярэдзілі жыхароў прыватнага сектара аб новаўвядзенні ў зборы смецця, – адзначае галоўны інжынер УП ЖКГ Максім Русецкі. – Прапаноўвалі заключыць з прадпрыемствам новы дагавор і забраць два кантэйнеры. Праўда, насельніцтва не праявіла зацікаўленасці, і тады нашы работнікі па вечарах і па выхадных пайшлі да людзей. Тлумачылі нюансы, заключалі дагавары і перадавалі пластыкавыя кантэйнеры. Усяго выдалі амаль 500 камплектаў. Пакуль вялася індывідуальная работа, складвалася новая “Схема абыходжання з адходамі на тэрыторыі Шумілінскага раёна”».
Прыватны сектар у Шуміліне ўмоўна раздзелены на 4 сектары: «Залінія», «Брыкет», «Светласельскі» і раён каля адміністрацыйнага будынка УП ЖКГ. У кожным з гэтых раёнаў па графіку збіраецца смецце з індывідуальных кантэйнераў. Першы рэйс смеццявоза забірае другасныя матэрыяльныя рэсурсы, другі – астатняе смецце.
Карэспандэнт раённай газеты разам з майстрам падраздзялення УП ЖКГ «Шумілінскае» Паўлам Мясаедавым паглядзеў, як збіраецца смецце па-новаму ў Светласельскім, дзе жыхары вуліц Маладзёжная, Усходняя і Паўночная поўнасцю перайшлі на індывідуальныя кантэйнеры.
– Наведалі літаральна кожны дом, – пачаў гутарку Павел Мясаедаў. – Тых, хто катэгарычна быў супраць, – адзінкі. Асабліва шмат пытанняў пачало ўзнікаць, як пачалі разбіраць пляцоўкі для кантэйнераў. Менавіта ў гэты час раздалі людзям лістоўкі-памяткі пра збор смецця па новых правілах.
Шчыра кажучы, выстаўленых за агароджу дома кантэйнераў былі адзінкі. Многія, як толькі бачылі смеццявоз, выносілі да дарогі пакункі са смеццем. «А што тут кідаць у кантэйнер?», «А мне самой не цяжка да машыны падысці і смецце выкінуць» – менавіта так жыхары тлумачылі тое, што смецце было не ў кантэйнерах. Павел Мясаедаў імкнуўся зноў растлумачыць што, як і калі будзе, але людзі адказвалі, што гэта яны ведаюць. «Ведаеце, яшчэ мы да такога не прызвычаіліся, – адзначыла адна гаспадыня, якая папрасіла не пісаць яе прозвішча ў газеце. – Справа ж новая. Памятаю, як пачыналі рабіць пляцоўкі для кантэйнераў. Колькі тады незадаволеных было! Праўда, праз месяц-другі прывыклі. Паверце, так і з гэтымі кантэйнерамі будзе. Не толькі прызвычаімся, а і пачнём раздзяляць смецце».
Павел Мясаедаў адзначыў, што падобная карціна назіраецца і ў іншых раёнах Шуміліна. Так што тлумачальная работа будзе працягвацца, бо за раздзельным зборам адходаў будучыня.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №99 ад 21.12.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *