На старце шашысткі і тэнісісты

Новости Общество Спорт, туризм

На старце шашысткі і тэнісісты

Набірае ход спартакіяда сярод работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў Шумілінскага раёна на прызы раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў.

Ларыса Забаўская (злева) выйграла спаборніцтвы па шашках сярод жанчын.

Працягваецца барацьба на валейбольнай пляцоўцы. Каманды прадпрыемстваў і арганізацый не толькі добра сыграліся ў сваіх калектывах, а і адчулі смак перамогі. Ад гэтага барацьбы і ўпартасці ў гульнях стала яшчэ больш. Пакуль што цяжка прадугадаць прызавую тройку і, хутчэй за ўсё, яна канчаткова вы-значыцца толькі пасля апошніх сустрэч.
У панядзелак вызначыліся першыя пераможцы і прызёры – у гэты вечар прайшлі спаборніцтвы па шашках сярод жанчын. Кожная з удзельніц абрала сваю тактыку на спаборніцтвы: некаторыя прапаноўвалі хуткі тэмп гульні, другія – павольны, абдумваючы кожны ход, хтосьці з першых хадоў пайшоў у атаку, а іншыя ціхенька «сядзелі» ў абароне, больш разлічваючы на памылку саперніка. У выніку перамогу святкавала Ларыса Забаўская з Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, другое месца ў Святланы Платонавай з «Беларусбанка», трэцяе – у Людмілы Доктаравай («Шумілінскі лясгас»).
Турніры па настольным тэнісе сярод мужчын па традыцыі праходзяць у бескампраміснай барацьбе. Не выключэнне і спаборніцтвы, што прайшлі ў сераду. На старт выйшлі як вядомыя ў раёне аматары «малой ракеткі», так і дэбютанты. Так, упершыню ў раённых спаборніцтвах па настольным тэнісе ўдзельнічаў дырэктар Обальскага керамічнага завода Павел Манак, які паказаў добрую падрыхтоўку, што і дазволіла заваяваць трэцяе месца. Лепшым стаў Вадзім Навуменка («Аддзел па адукацыі райвыканкама»), другім – Дзмітрый Бяззубенка («Участак электрасувязі «Белтэлекам»-раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях»).
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №96 ад 10.12.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *