Стартаваў двухтыднёвы марафон спорту
У суботу, 4 снежня, стартавала спартакіяда сярод работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў Шумілінскага раёна на прызы раённага аб’яднання прафсаюзаў. За званне лепшых змагаюцца 13 каманд.
У суботу ў СДЮШАР прайшло ўрачыстае адкрыццё спартакіяды. Спартсменаў вітаў старшыня райвыканкама В. С. Гутараў. «Шумілінскі раён заўсёды сябраваў са спортам, – падкрэсліў Віктар Сяргеевіч. – У нас ёсць слаўныя перамогі на футбольным полі. Нашых юных валейбалістаў добра ведаюць за межамі рэспублікі, а тры нашы землякі выступаюць за нацыянальную зборную Беларусі па валейболе. Годныя вынікі паказваюць і барцы класічнага стылю. У спорце заўсёды перамагае мацнейшы. Упэўнена скажу, што сёння кожны, хто прысутнічае ў гэтай спартыўнай зале, ужо пераможца. Бо перамог сябе, абраў здаровы лад жыцця і выйшаў на спаборніцтвы».
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Н. У. Хамаганава расказала, што прафсаюзы заўсёды клапоцяцца пра здароўе людзей і падтрымліваюць спорт і актыўны адпачынак. Так, у прыватнасці, у нашым раёне працуюць два аддзяленні прафсаюзных спартыўных школ – па біятлоне і грэка-рымскай барацьбе. «Бронзавая прызёрка этапу кубка свету па біятлоне Ганна Сола пачынала сваю спартыўную кар’еры менавіта ў шумілінскім аддзяленні па біятлоне», – падкрэсліла Наталля Уладзіміраўна.
У першы дзень спартакіяды на старт выйшлі валейбалісты. І гэта абсалютна лагічны выбар арганізатараў, бо на Шуміліншчыне спорт нумар адзін – валейбол.
У спаборніцтвах па валейболе ўдзельнічаюць 7 каманд. Першымі на пляцоўку выйшлі аб’яднаныя каманды «Участак электрасувязі «Белтэлекам»-раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях» і «Раён газазабеспячэння-раённы аддзел унутраных спраў», ва ўпартай барацьбе перамаглі першыя. Усяго у першы дзень спаборніцтваў сыгралі 6 гульняў. Спаборніцтвы па валейболе працягнуцца сёння ўвечары.
Спартакіяда будзе праходзіць па 10 відах спорту і працягнецца да 18 снежня. У сераду мужчыны пазмагаюцца ў настольным тэнісе, а у чацвер – жанчыны ў бадмінтоне, таксама працягнуцца валейбольныя спаборніцтвы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №95 ад 07.12.2021 г.