Хто не быў у Полацку, той, не бачыў Беларусі
Калектыў Башнеўскай яслі-сад-базавай школы ў рамках інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа» пабываў з экскурсіяй у Полацку.
Полацк – асаблівы горад на карце нашай краіны. Менавіта тут вяршылася гісторыя, нараджаліся знакамітыя асобы, развівалася культура, адукацыя.
У Полацку мы наведалі Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я, даведаліся пра сакрэты вырошчвання і апрацоўкі лёну ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў, пра старажытны від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – ткацтва.
Убачыўшы ўзоры на тканых і вышываных вырабах, мы адкрылі для сябе бяздонную крыніцу культурнай і гістарычнай спадчыны. Пакуль у чалавеку будзе жыць пачуццё прыгожага, імкненне да натуральнага, сапраўднага, будзе жыць ручнік, бо спрадвечнае застанецца вечным.
Сафійскі сабор – жамчужына старажытнага дойлідства. У саборы ўсталяваны адзін з лепшых арганаў у Беларусі. Падчас экскурсіі мы налюбаваліся знешнім і ўнутраным убраннем сабора, пабывалі на канцэрце арганнай музыкі, які праходзіў у рамках XXVI Міжнароднага фестывалю «Званы Сафіі». З задавальненнем паслухалі музыку І. С. Баха, Луі В’еры, Морыса Дзюруфле ў выкананні беларускай арганісткі Кацярыны Нікалаевай, якая з’яўляецца ўдзельніцай розных міжнародных фестываляў арганнай музыкі.
У Полацку ўстаноўлена вялікая колькасць помнікаў, прысвечаных розным вехам гісторыі горада. Гэта помнікі першадрукару Беларусі ўраджэнцу Полацка Францішку Скарыне, а таксама нашым славутым землякам Сімяону Полацкаму, Усяславу Чарадзею. Мы пабывалі і каля незвычайнага помніка літары «Ў», памятнага знака «Полацк – геаграфічны цэнтр Еўропы».
Наведаць галоўны праваслаўны цэнтр Беларусі – Полацк нам дапамагла прафсаюзная арганізацыя. Гэта падзея надоўга застанецца ў нашай памяці. Мы лічым, што ў Полацку павінен пабываць кожны беларус, які паважае сябе, бо хто не быў у Полацку, той, не бачыў Беларусі.
Марына АЛЯКСЕЕНКА,
настаўнік Башнеўскай яслі-сад-базавай школы.
Апублікавана ў №95 ад 07.12.2021 г.