Бачыць сэрцам і рукамі
У дзяцінстве Андрэй Чарноў з райцэнтра марыў быць спеваком. Спевы вабілі і заварожвалі, бо гэта была самая даступная і зразумелая забава для хлопца, які нарадзіўся невідушчым і атрымаў першую групу інваліднасці.
Ён наведваў дзіцячы садок, вучыўся ў школе па спецыяльнай праграме, закончыў Шумілінскую дзіцячую школу мастацтваў, дзе чатыры гады вучыўся вакалу і ігры на піяніна. Са светам музыкі яго пазнаёмілі Алена Сініцкая і Таццяна Саўчанка.
У людзей з такімі фізічнымі асаблівасцямі, як правіла, вельмі развіты тактыльныя ўспрыманні. Варта ўзгадаць толькі азбуку Брайля, дзе кнігі чытаюцца рукамі навобмацак і свет пазнаецца гэтак жа. Рукі ў такіх людзей дужа развіты. А яшчэ памяць. Андрэй Чарноў не стаў выключэннем.
Гэта і стала падставай у 2019 годзе для паступлення ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі каледж на факультэт «лячэбны масаж», дзе вядзецца навучанне менавіта такіх маладых людзей, як Андрэй. Два гады хлопец авалодваў тэхнікай масажу, прызнаецца, што складана яму на першым курсе даваліся хірургія і тэрапія, тым не менш ён вельмі стараўся і закончыў медустанову з добрымі адзнакамі.
12 ліпеня гэтага года Андрэй Чарноў «выйшаў у людзі» – яго прынялі на работу ў Шумілінскую цэнтральную раённую бальніцу на пасаду тэхніка-масажыста. Сустрэлі хлопца добра. Ён гэта адчувае і ў першую чаргу дзякуе загадчыцы фізіятэрапеўтычнага аддзялення Таццяне Мікалаеўне Цімошчанка.
Тэорыі ў хлопца дастаткова, з практычным бокам пакуль дапамагаюць калегі – Даната Сакалоўская і Раіса Каўгунова. Яны і дакументацыю вядуць, і падказваюць, калі трэба. «На гукавым таймеры вось нанеслі насечкі, каб мне зручна было ставіць працягласць сеанса», – паказвае Андрэй. У многіх пытаннях дапамагае смартфон, які ў яго заўсёды пад рукой, і яго карысныя дадаткі «Окей, Гугл», «галасавы пошук», «агучванне».
Сёння ён ужо добра арыентуецца ў аддзяленні, не кажучы ўжо пра асабісты кабінет. У рабоце дапамагаюць камунікатыўнасць, акуратнасць, адкрытасць. За дзень праз рукі тэхніка-масажыста праходзіць да 17 чалавек, як дзеці, так і дарослыя. Сеансы ў залежнасці ад захворвання доўжацца ад 10 да 25 хвілін. Андрэй прызнаецца, што нягледзячы на тое, што рукі ў яго моцныя, усё роўна стамляецца. Таму, калі прыходзіць дадому, абавязкова адпачывае.
Кожную раніцу хлопца вядзе на работу пад руку мама Жанна Генадзьеўна, яго галоўны памочнік і дарадца, яго першы сябар і натхняльнік, галоўны чалавек у яго жыцці, дзякуючы якому ён адчувае сябе карысным людзям і спрабуе даказаць, што прафесійнаму станаўленню фізічныя асаблівасці не перашкода.
І са спевамі хлопец не развітаўся. Нядаўна запісаўся на вакал у Шумілінскую ДШМ, зараз вывучае рэпертуар любімага спевака Льва Лешчанкі. Між іншым, сёлета адбудзецца дэбют Андрэя Чарнова ў якасці спевака: на ўрачыстасцях з нагоды Дня інвалідаў у РЦК ён выканае на раённай сцэне дзве песні: «Дом родной» любімага спевака і «Позови меня тихо по имени» групы «Любэ». Так што мары і мэты не заканчваюцца. Ён ставіць іх і пераадольвае цяжкасці і нязручнасці. Насуперак усяму.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №94 ад 03.12.2021 г.