Главное Новости Образование Общество

10 год дабрыні і чуллівасці

1 снежня ў актавай зале Обальскай СШ прайшло ўрачыстае мерапрыемства
з нагоды 10-годдзя сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Багата сяброў у сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Гэта ў чарговы раз пацвердзіў і 10-гадовы юбілей: на дзень нараджэння арганізацыі з падарункамі прыехалі кіраўнікі і прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, індывідуальныя прадпрымальнікі і проста людзі, якія дораць часцінку сваёй дабрыні дзецям, што апынуліся ў складаных жыццёвых умовах. У актавай зале Обальскай СШ не было свабодных месцаў.
Першымі на сцэну падняліся дзеткі, якія зараз знаходзяцца ў прытулку. Вершаванае віншаванне ў дзяцей атрымалася шчымліва-прачулым. І гэта быў сапраўды яркі і запамінальны пачатак святочнага мерапрыемства.
– Гэта проста цудоўна, што сённяшняе свята праходзіць у такой цёплай душэўнай атмасферы, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. – Гледзячы на вашу сумленную работу, можна ўпэўнена сказаць, што вы падарылі сямейную атмасферу дзецям, якія трапілі ў цяжкія жыццёвыя абставіны. І вельмі добра, што ў вас столькі сяброў-аднадумцаў, якія дапамагаюць па закліку сэрца і душы.
Мікалай Будневіч уручыў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў педагогу-псіхолагу дзяржаўнай установы адукацыі «Шумілінскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр» Настассі Ананьевай – за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё галіны адукацыі Шу-мілінскага раёна, актыўную жыццёвую пазіцыю.
За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі раёна, высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення аб’яўлена Падзяка старшыні раённага выканаўчага камітэта дырэктару «Шумілінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра» Юліі Уласевіч. Яе ўручыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Людміла Грузневіч.
Шмат цёплых і шчырых слоў у адрас работнікаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра прагучала ад начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціны Мяньковай. Валянціна Васільеўна зачытала вітальны адрас калектыву цэнтра і разам са спецыялістамі аддзела ўручыла вялізны «кошык здароўя».
Групе работнікаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра Валянціна Мянькова ўручыла ганаровыя граматы аддзела па адукацыі райвыканкама.
Дырэктар цэнтра Юлія Уласевіч расказала пра сённяшні калектыў і падкрэсліла, што кожны работнік – аднадумца, для якога важны агульны поспех.
У гэты вечар гучала шмат віншаванняў, успамінаў. Пра сваю работу ўзгадалі першы дырэктар Обальскага сацыяльнага прытулка Таццяна Карташова і Аляксандр Штокін, які быў дырэктарам Обальскай СШ у той час.
На сцэну выйшаў увесь калектыў СПЦ, а 10 свечак на святочным торце задулі дзеці, якія знаходзяцца ў прытулку.

І гэта было вельмі сімвалічна, бо галоўная задача работнікаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра – зрабіць усё, каб гэтыя дзеці былі шчаслівыя.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *