10 лет назад в Шумилино был создан социально-педагогический центр

Новости Образование Общество

Абараніць законныя правы і інтарэсы кожнага дзіцяці

Сярод 22-юх устаноў адукацыі, якія працуюць у Шумілінскім раёне, адна вылучаецца сваімі спецыфічнымі функцыямі. Размова пра сацыяльна-педагагічны цэнтр (СПЦ).

Работнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў дзіцячым прытулку ў Обалі разам з выхаванцамі прытулка. Фота з архіва сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

 


Сацыяльна-педагагічны цэнтр вырас на базе Обальскага прытулка, і як самастойная дзяржаўная ўстанова функцыянуе з 1 снежня 2011 года. Ён мае свае структурныя падраздзяленні:
– дзіцячы сацыяльны прытулак;
– аддзел прафілактыкі сямейнай нядбайнасці, сацыяльнага сіроцтва;
– сектар падтрымкі сямей, якія прынялі на выхаванне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў;
– сектар прафілактыкі і комплекснай рэабілітацыі.
Галоўная задача цэнтра – абараніць законныя правы і інтарэсы кожнага дзіцяці, забяспечыць права дзяцей на пражыванне ў сям’і.
Сёння ў цэнтры працуюць 27 чалавек. Большасць з іх – 18 чалавек – у дзіцячым сацыяльным прытулку ў Обалі. Тры іншыя падраздзяленні знаходзяцца ў будынку аддзела па адукацыі райвыканкама.
Дырэктарам сацыяльна-педагагічнага цэнтра працуе Юлія Уласевіч, з якой мы гутарым напярэдадні першага значнага юбілею ўстановы.
– Юлія Уладзіміраўна, скажыце, калі ласка, як за дзесяць год змянілася сітуацыя з нядбайнымі сем’ямі, ці паменшала сірот пры жывых бацьках і колькі ў раёне дзяцей знаходзіцца пад сацыяльнай апекай?
– Сцвярджаць, што мы, стварыўшы цэнтр, вырашылі праблему, на жаль, не атрымліваецца. Так, мы можам сказаць, што зменшылася лічба – зараз 78 дзяцей з 35 сямей знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а раней колькасць даходзіла да 200 дзяцей, але гэта не тлумачыць сітуацыю, бо змяніліся падыходы да ўліку. Напрыклад, зараз сям’ю за элементарны бруд і беспарадак у доме не возьмуць на ўлік, як гэта было раней. Праблема, як вы разумееце, мае глыбокія сацыяльныя карані, і ўзнікае яна часцей за ўсё на фоне п’янства, няздольнасці несці адказнасць за дзяцей і іншых прычын. І ў гэтай сітуацыі наша задача – абараніць дзяцей, у час заўважыць праблему і дапамагчы.
– І для гэтага былі створаны тры падраздзяленні цэнтра пры аддзеле адукацыі? Чым яны канкрэтна займаюцца?
– Аддзел прафілактыкі сямейнай нядбайнасці, сацыяльнага сіроцтва займаецца выяўленнем пярвічнай нядбайнасці, спецыялісты аддзела супрацоўнічаюць з дашкольнымі і школьнымі ўстановамі, праводзяць рэйды разам з камісіяй па справах непаўналетніх, работнікамі РАУС, раённай бальніцы, ТЦСАН, працуюць з бацькамі, праводзяць вучобу з удзелам сацыяльных педагогаў і псіхолагаў. Гэта своеасаблівы метадычны цэнтр.
Сектар падтрымкі сямей, якія прынялі на выхаванне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, – у самой назве раскрыты функцыянальныя абавязкі. Сацыяльны педагог і педагог-псіхолаг сектара працуюць з сем’ямі, якія хочуць узяць на выхаванне дзяцей, праводзяць дыягностыку, заняткі, займаюцца патранажным выхаваннем, аказваюць метадычную дапамогу.
Спецыяліст сектара прафілактыкі і комплекснай рэабілітацыі працуе пераважна з дзецьмі (часцей за ўсё з падлеткамі) у выпадку іх супрацьпраўных паводзін. Таксама аказвае метадычную дапамогу навучальным установам.
Наогул, спецыялісты цэнтра дапамагаюць бацькам справіцца з сацыяльнымі праблемамі ў сям’і, вярнуць сваіх дзяцей, дзецям – зноў паверыць сваім блізкім і родным людзям, педагогі нашага цэнтра дапамагаюць дзецям знайсці новую сям’ю, а тым, хто замяшчае бацькоў, аказваюць садзейнічанне ў наладжванні кантакту з новым членам сям’і.
– І вы ўжо можаце гаварыць пра пэўныя вынікі работы цэнтра за 10 год работы.
– Так, за час існавання нашага цэнтра 673 дзіцяці атрымалі кваліфікаваную дапамогу і прайшлі рэабілітацыю, 351 з іх вярнуліся ў біялагічныя сем’і, 7 дзяцей усынавілі, 3 выхаванцы дасягнулі паўналецця, 5 паступілі ў навучальныя ўстановы, 4 уладкаваны ў школу-інтэрнат.
На сёння 32 дзіцяці выхоўваюцца ў 19 прыёмных сем’ях, 31 дзіця – у 27 апякунскіх сем’ях, 7 дзяцей жывуць у дзіцячым доме сямейнага тыпу ў Шуміліне.
– Безумоўна, вялікую місію па абароне інтарэсаў дзяцей выконвае дзіцячы сацыяльны прытулак, які працуе ў Обалі з 2005 года. Колькі выхаванцаў знаходзіцца ў прытулку, ці задавальняе матэрыяльная база ўстановы?
– Зараз у прытулку пражываюць 12 дзяцей – 5 дашкольнікаў і 7 школьнікаў. Матэрыяльная база ў прытулку добрая. І гэта не толькі заслуга дзяржавы, аддзела па адукацыі, але і многіх арганізацый, прадпрыемстваў, добрых людзей, дзякуючы якім у прытулку адноўлена мэбля, бытавая тэхніка, камп’ютарнае аснашчэнне, робіцца касметычны рамонт.
– У кожнай сям’і бываюць праблемы, здараюцца непаразуменні паміж дзецьмі і бацькамі. Ці могуць у такім выпадку бацькі звярнуцца да вас за дапамогай?
– Спецыялісты нашага цэнтра заўсёды рады дапамагчы пера-адолець цяжкую жыццёвую сітуацыю, наладзіць кантакт з уласнымі дзецьмі, аказаць кваліфікаваную псіхалагічную і сацыяльна-педагагічную падтрымку. Мы чакаем вас па адрасе: Шуміліна, вул. Ленінская, 22, тэл. 5-54-39.
Нам застаецца падзякаваць работнікам сацыяльна-педагагічнага цэнтра за іх няпростую работу, за іх клопат пра лёс дзяцей, імкненне ў любы час прыйсці на дапамогу.
Дарэчы, Юлія Уласевіч і сама не пабаялася ўзяць у сям’ю хлопчыка і дзяўчынку з дзіцячага дома. І цяпер разам з мужам яны выхоўваюць чацвёра дзетак – тры дачушкі і аднаго сыночка.
І ўсё ж пры неаспрэчнай значнасці сацыяльна-педагагічнага цэнтра мы пажадаем яго работнікам як мага менш работы – каб ва ўсіх сем’ях панаваў лад і шчасце, а спецыялісты СПЦ хіба прыходзілі б толькі кансультаваць клапатлівых бацькоў, як зрабіць сямейныя адносіны яшчэ больш гарманічнымі.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №93 ад 30.11.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *