Пераходзім на электраацяпленне
З надыходам халадоў паўстае і пытанне ацяплення. Для жыхароў шматкватэрных дамоў з цэнтралізаваным ацяпленнем праблем няма. А вось гаспадары прыватных дамоў вырашаюць яго кожны па-свайму. Зразумела, што найбольш распаўсюджаным з’яўляецца пячное ацяпленне ці ацяпленне з дапамогай катла на цвёрдым паліве. Добра, калі ў населеным пункце праведзены газ. Апошнім часам набывае распаўсюджанне ацяпленне з дапамогай электрычнасці. Гэты варыянт не новы, але набыў актуальнасць пасля ўводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС.
Як паведаміў начальнік Шумілінскага раённага вытворча-збытавога ўчастка філіяла «Энергазбыт» РУП «Віцебскэнерга» Іван Андрэеў, у раёне 39 гаспадароў выкарыстоўваюць электрычнасць для ацяплення дамоў і гарачага водазабеспячэння.
Усё залежыць ад сетак
Электрыфікацыя жылога дома – адзін з відаў яго рэканструкцыі. Гэта адміністрацыйная працэдура, а значыць, неабходна наяўнасць пэўнай дакументацыі. Перш за ўсё трэба атрымаць узгадненне электрасетак аб тэхнічнай магчымасці правядзення работ. «Большасць электрычных сетак, асабліва ў сельскай мясцовасці, праектаваліся ў 60-90-я гады мінулага стагоддзя з разліку 3,5 кВт на дом, – адзначае начальнік вытворча-тэхнічнай групы Шумілінскага РЭС Ігар Лапавухаў. – Сёння электрапрылад практычна ў кожным доме нашмат больш: мікрахвалёўка, пральная машына, камп’ютар і г.д. Вось і атрымліваецца, што электрычныя сеткі не вытрымліваюць нагрузкі, якая дадасца ад ацяплення дамоў электрычнасцю».
Усяго ў РЭС звярнуліся 266 чалавек для ўзгаднення тэхнічнай магчымасці правядзення рэканструкцыі з мэтай электраацяплення. 125 чалавек атрымалі адмоўны адказ. Па кожным звароце вядзецца індывідуальная работа спецыялістаў.
! Улічваецца і стан электрычных сетак, і адлегласць ад падстанцыі, і таўшчыня правадоў, і агульная нагрузка ўсіх спажыўцоў электраэнергіі на лініі электраперадачы.
Нюансаў вельмі шмат, бо трэба ўлічыць усё, каб была не толькі бесперапынная падача электраэнергіі, а і напружанне ў разетках суседзяў не зніжалася.
Ігар Лапавухаў падкрэсіў, што прадпрыемства максімальна спрабуе ісці насустрач людзям, пастаянна робіцца маніторынг заяў грамадзян. Так, напрыклад, у вёсцы Непароты лініі электраперадач выкананы яшчэ на драўляных слупах, правады тонкія, а жадаючых ацяпляць свае дамы з дапамогай электрычнасці хапае. У выніку ўжо сёлета зроблена праектная дакументацыя на рэканструкцыю электрычных сетак у вёсцы, плануецца, што работы па рэканструкцыі будуць зроблены ў наступным годзе.
Рэканструкцыя дома
Пасля атрымання станоўчага адказу з РЭС трэба падаць заяву ў службу «адно акно» райвыканкама на выдачу дазволу на рэканструкцыю жылога дома. Пасля выдачы дазволу неабходна зрабіць праект рэканструкцыі. «Праект павінны рабіць арганізацыі, якія маюць права на распрацоўку праектнай дакументацыі, – расказвае Ігар Лапавухаў. – Гэта можа зрабіць і наша арганізацыя – Віцебскія электрычныя сеткі. А поўны спіс можна атрымаць на сайце РУП «Белбудцэнтр» (www.bsc.by) ці ў райвыканкаме ў службе «адно акно». Пасля таго, як дакументацыя будзе зроблена, трэба выбраць таго, хто зробіць рэканструкцыю дома. Зноў-такі іх можна знайсці там, дзе вы шукалі праекціроўшчыка».
Колькі па часе займае ўся гэта работа, сказаць складана. У кожным выпадку – індывідуальна. Але, як паказвае практыка, на рэканструкцыю дома спатрэбіцца ад трох месяцаў і больш.
Калі ўсё абсталяванне ўстаноўлена і праведзены патрэбныя вымярэнні, вы зноў звяртаецеся ў службу «адно акно» райвыканкама за дазволам увесці ў эксплуатацыю рэканструяваны аб’ект (ваш жылы дом пакуль што называецца так). І толькі пасля станоўчага рашэння накіроўвайцеся ў РЭС з неабходнымі дакументамі і заявай на падключэнне. Затым спецыялісты «Дзяржэнергагазнагляду» правераць бяспеку новага электраабсталявання, адпаведнасць тэхнічным рэгламентам і выдадуць дазвол на падключэнне жылога дома з электраацяпленнем да электрычных сетак, «Энергазбыт» установіць пэўны тарыф на электраацяпленне, а спецыялісты РЭС зробяць падключэнне да электрычных сетак.
! Каб вам атрымаць
льготны тарыф на ацяпленне электрычнасцю, у доме павінен быць зарэгістраваны хаця б адзін чалавек, а таксама ў доме не павінна быць цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння.
Як і колькі плаціць?
«Калі ў доме акрамя электраацяплення ёсць электрапліта, то патрэбны адзін прыбор уліку, – расказвае Іван Андрэеў. – З 1 чэрвеня па 31 снежня 2021 года ўстаноўлены тарыф за 1 кВт*г – 0,0909 рубля. У нас у раёне тры такія спажыўцы». А вось калі электрычнасць не выкарыстоўваецца для прыгатавання ежы, то павінны быць устаноўлены два прыборы ўліку, адзін з якіх улічвае толькі электраэнергію, якая ідзе на ацяпленне дома і гарачае водазабеспячэнне. Тарыф з 1 чэрвеня па 31 снежня 2021 года за 1 кВт*г складае 0,0398 рубля.
Бонус ад дзяржавы
Для тых, хто вырашыў выкарыстоўваць электраэнергію для ацяплення дома і гарачага водазабеспячэння, акрамя выгаднага тарыфу, ёсць яшчэ адзін бонус ад дзяржавы – кампенсацыя часткі расходаў на выкананне работ па электразабеспячэнні. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №127 ад 14 красавіка 2020 года: для малазабяспечаных і іншых сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян яна складае 40%, але не больш чым 80 базавых велічынь, для іншых – 20%, але не больш чым 40 базавых велічынь. Пра тое, як атрымаць кампенсацыю, падрабязна раскажуць у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама ці ў службе «адно акно» райвыканкама.
Больш за год ацяпляе свой дом з дапамогай электрычнасці Таццяна Дзятлава з Крывога Сяла. «Найперш з мужам думалі пра сваю будучыню, – расказала Таццяна Анатольеўна. – На жаль, з кожным годам мы не мала-дзеем, а значыць і ацяпляць дом дрывамі ці брыкетам будзе больш складана. Таму і абралі варыянт ацяплення электракатлом». Плюсы гэтага выбару адчулі адразу: найперш, гэта зручнасць, бяспека і чысціня, а па-другое, значная эканомія. Так, у самыя марозныя месяцы на абагрэў дома, плошча якога 90 квадратных метраў, і гарачае водазабеспячэнне, Дзятлавы трацілі каля 2 тысяч кВт*г, якія каштавалі 75 рублёў, а ўлетку гарачая вада абыходзілася максімум у 5 рублёў.
Задаволены электраацяпленнем і абальчанін Канстанцін Багдановіч, гаспадар дома плошчай 60 квадратных метраў. «Для ацяплення выбралі канвектары, – дзеліцца Канстанцін. – Для нашага дома іх спатрэбілася 7 штук. Так ацяпляем дом з пачатку гэтага года. Зручна. Сёння на вуліцы мінус шэсць, у нас у доме плюс 28 градусаў. У самы халодны месяц заплацілі каля 50 рублёў, летам за гарачае водазабеспячэнне плацім да чатырох рублёў».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №93 ад 30.11.2021 г.