Увага! Вам тэлефануе злачынца!
З 22 лістапада па 1 снежня ў Беларусі праводзіцца прафілактычная акцыя «Дэкада кібербяспекі». Комплекс мерапрыемстваў накіраваны на супрацьдзеянне кіберзлачынства і павышэнне лічбавай граматнасці насельніцтва.
Часцей за ўсё зламыснікі прадстаўляюцца работнікамі банкаў і паведамляюць, што ажыццяўляюцца падазроныя аперацыі па банкаўскай плацежнай карце або па банкаўскім рахунку. Прапануюць назваць свае дадзеныя, у тым ліку дадзеныя карты і асабісты нумар, а таксама коды смс-паведамленняў. У большасці выпадкаў зламыснікі звяртаюцца па імені, нават могуць назваць апошнія 4 лічбы банкаўскай карткі.
Так, у Наваполацку мясцовая жыхарка ў ходзе тэлефоннай размовы з «супрацоўнікам банка» перадала яму сакрэтныя звесткі пра рэквізіты карткі, свой індэнтыфікацыйны нумар пашпарта і ў выніку пазбавілася больш за 30 тысяч долараў, якія былі пераведзены з яе некалькіх рахункаў.
Іншы раз злодзеі настойваюць на правядзенні адмены аперацыі. Для гэтага прапаноўваюць устанавіць названую імі вядомую праграму аддаленага доступу да ўстройства. Затым, каб праверыць баланс рахунка, просяць зайсці ў свой інтэрнэт-банкінг. У сваю чаргу ўстаноўленая праграма прадастаўляе злодзеям магчымасць бачыць усе аперацыі на тэлефоне ці камп’ютары, у тым ліку ўведзены пароль для ўваходу ў банкінг.
Некаторыя злодзеі прадстаўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў. З мэтай выяўлення супрацоўніка банка, які быццам бы ўзяў крэдыт ад вашага імені, «права-ахоўнік» запэўнівае, што трэба ўзяць яшчэ некалькі крэдытаў і перавесці іх на «спецыяльна створаны абаронены рахунак», а пасля заканчэння спецаперацыі вярнуць усе грошы.
Такое злачынства адбылося ў пачатку года ў Віцебску. Маладая маці дваіх дзяцей аформіла на сябе крэдыты ў трох банках амаль на 16 тысяч рублёў, а атрыманыя сродкі перавяла махлярам.
Іншы раз махляры атрымліваюць рэквізіты банкаўскай карткі праз дзяцей трымальнікаў картак. Так, 11-гадовая дзяўчынка ў ходзе сяброўскай перапіскі ў сацыяльнай сетцы з віртуальнай сяброўкай па яе просьбе перадала субяседніцы фота плацежнай карткі маці. У выніку грошы зніклі.
Зламыснікі таксама карыстаюцца метадам фішынга, які заключаецца ў тым, каб падрабіць старонку плацежнай сістэмы і атрымаць дадзеныя банкаўскай карткі ўладальніка. Фішынгавы сайт – гэта старонка сайта створаная як дакладная копія сапраўднай. Часцей за ўсё падробліваюцца плацежныя сістэмы і паштовыя сэрвісы. Падробленыя старонкі прысылаюць у месенджарах прадаўцам тавараў з сайтаў аб’яў быццам для атрымання папярэдняй аплаты за тавар, на які аформлена дастаўка. У такім выпадку фішынгавыя старонкі ўтрымліваюць звесткі аб прадаваемым тавары і абсалютна паўтараюць фірменны стыль і сэрвісы сайта, у тым ліку і анлайн-кансультанта. Злодзеі пераконваюць прадаўца тавару, што трэба ўвесці ўсе дадзеныя банкаўскай карткі. А яны даюць магчымасць перавесці ўсе грошы з карткі ўладальніка. Адрозненнем фішынгавага сайта з’яўляецца тое, што ссылка на яго накіроўваецца асабіста ў месенджэры, а інтэрнэт-адрас падобны на сапраўдны (мае адрозненне ў адной літары або лічбе).
Як абараніцца ад кіберзлачынцаў? Нікому нельга перадаваць нумары сваёй банкаўскай карткі, тэрмін яе дзеяння, сакрэтны код на зваротным баку, логіны і паролі доступу да банкінга, смс-коды ад банка. Не ўстанаўлівайце праграмы і не перавадзіце грошы па ўказанні, атрыманым па тэлефоне нават ад работнікаў банка ці міліцыі. Пры анлайн-аплаце варта праверыць адрас сайта і выкарыстоўваць асобную карту (захоўваць на ёй невялікую суму грошай).
Актуальная інфармацыя пра кіберзлачынствы даступна ў Тэлеграм-канале «Лічбавая граматнасць»: https://t.me/cifgram.
Руслан БРУЕЎ,
начальнік крымінальнага вышуку РАУС.
Апублікавана ў №93 ад 30.11.2021 г.