Вішынг і фішынг. Не дай сябе падмануць!

Безопасность Новости Общество

Вішынг і фішынг. Не дай сябе падмануць!

З пачатку года следчыя раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь пачалі 12 крымінальных спраў па фактах здзяйснення крадзяжоў шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі (у 2020 годзе – 28)
«Аналіз матэрыялаў крымінальных спраў гэтай катэгорыі сведчыць аб няведанні пацярпелымі элементарных мер па забеспячэнні бяспекі свайго карт-рахунку, – адзначае намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віталь Ішчук.– Большасць крадзяжоў грашовых сродкаў з банкаўскіх рахункаў здзяйсняецца пасля таго, як пацярпелыя самі паведамлялі неабходныя рэквізіты сваіх банкаўскіх картак. Пераважна гэта факты вішынгу і фішынгу».
Вішынг – форма махлярства, калі злодзеі, выкарыстоўваючы тэлефон, прадстаўляюцца, напрыклад, супрацоўнікамі банка, і на розных падставах выманьваюць персанальныя да-дзеныя плацежных банкаўскіх карт, каб выкрасці грашовыя сродкі. У кастрычніку невядомыя патэлефанавалі жыхарцы Шуміліна на вайбер, прадставіліся супрацоўнікамі банка і паведамілі, што з карткі спісваюцца грошы, неабходна спыніць гэты працэс і застрахаваць рахунак. А для гэтага неабходна паведаміць рэквізіты карткі. Жанчына іх прадыктавала. У выніку з карткі зніклі 225 рублёў. Крымінальная справа расследуецца.
Пры фішынгу ашуканцы рассылаюць людзям электронныя паведамленні, у якіх змяшчаецца спасылка на сайт, вонкава падобны на сапраўдны. Пасля таго як карыстальнік трапляе на падробленую старонку, ашуканцы прымушаюць яго ўвесці на ёй свае логін і пароль доступу, што дазваляе ім атрымаць доступ да акаўнтаў і банкаўскіх рахункаў.
Каб не стаць ахвярай вішынгу і фішынгу, следчыя просяць выконваць наступныя рэкамендацыі:
– калі вам прыйшло паведамленне пра тое, што вы выйгралі прыз, удзельнічаючы ў конкурсе (але вы не ўдзельнічалі ні ў якім конкурсе), – не пераходзьце па спасылках, не давайце свае логін і пароль ад персанальных старонак у сацыяльных сетках;
– калі да вас у сацыяльных сетках са старонак вашых знаёмых звярнуліся з дапамогай аб пераводзе грашовых сродкаў з выкарыстаннем вашай плацежнай банкаўскай карты – будзьце ўважлівыя! Першапачаткова пераканайцеся, што ваш знаёмы сапраўды мае патрэбу ў дапамозе (патэлефануйце гэтаму чалавеку, задайце яму такое пытанне, адказ на які будзеце ведаць толькі вы). Гэтыя дзеянні неабходныя для таго, каб пераканацца, што акаўнт (старонка) вашага знаёмага чалавека не ўзламаны, і ён сапраўды мае патрэбу ў дапамозе;
– калі знайшлі банкаўскую картку, то не выкладвайце яе фотаздымак з рэквізітамі ў сацыяльных сетках, а аднясіце ў банк;
– не паведамляйце пін-коды ад банкаўскіх картак трэцім асобам;
– паспрабуйце не выкарыстоўваць WI-FI у грамадскіх месцах для ўваходу ў дадатак інтэрнэт-банкінгу і аплаты якіх-небудзь паслуг у сетцы інтэрнэт;
– выкарыстоўвайце складаныя паролі і не захоўвайце іх у браўзерах;
– не пераходзьце па падазроных спасылках і не адкрывайце падазроныя лісты і ўкладанні да іх;
– не перадавайце дадзеныя банкаўскай карты, у тым ліку ў ходзе перапіскі ў інтэрнэце або па тэлефоне асобам, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі банка. У сапраўдных супрацоўнікаў банка няма неабходнасці тэлефанаваць вам з просьбай зверыць дадзеныя і паролі вашых плацежных банкаўскіх карт;
– ажыццяўляйце аплату ў інтэрнэце толькі на правераных рэсурсах.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №91 ад 23.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *