Што радніць Якуба Коласа і Алега Салтука?

Молодёжь Новости Образование

Што радніць Якуба Коласа і Алега Салтука?

Якуб Колас і Алег Салтук. Паміж імі – стагоддзе. Розныя эпохі, рознае асяроддзе. Але, як паказала даследаванне, іх многае яднае.

Ала Навуменка з Вікторыяй Івановай.

Такое даследаванне, праведзенае вучаніцай 10 класа Шумілінскай СШ №2 Вікторыяй Івановай пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алы Анатольеўны Навуменкі, вылілася ў творчы рэферат «Мілы кут маіх дзядоў»: параўнальны аналіз вобразаў паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» і лірыкі Алега Салтука.
Работа атрымалася змястоўнай і цікавай, і яна годна прадставіла наш раён на абласным конкурсе даследчых работ – канферэнцыі навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебскай вобласці «Эўрыка». Журы адзначыла яе ў ліку васьмі лепшых (з 36-ці дасланых у вобласць) работ і дапусціла да ўдзелу ў другім этапе конкурсу.
Высокая адзнака парадавала вучаніцу і настаўніцу. Усё ж скласці годную канкурэнцыю навучэнцам гарадскіх ліцэяў і вядучых школ не так проста. Але магчыма. Дзесяцікласніца Вікторыя мае трывалыя веды па розных прадметах і багаты вопыт удзельніцы шматлікіх навуковых спаборніцтваў – конкурсаў, форумаў, алімпіяд. Толькі ў гэтым навучальным годзе яна ўжо атрымала 11 (!) дыпломаў I, II і III ступеняў на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Вікторыя Іванова трэці год запар прымае ўдзел у навуковай канферэнцыі, і сёлетні вынік яе асабліва парадаваў. Яна свабодна размаўляе на беларускай мове (з’ява для сённяшніх вучняў даволі рэдкая), захоплена расказвае пра «Новую зямлю» Якуба Коласа, творчасць Алега Салтука, пра тое, якім адкрыццём для яе стаў той факт, што і масціты беларускі класік Колас і наш сучасны зямляк Салтук аднолькава адлюстроўвалі ў сваіх творах тэму роднай зямлі, вобразы маці, хаты, дарогі, ракі. І тут жа мацуе думку цытатай з «Новай зямлі»:
«Ўздыхнула цяжка-цяжка мацi,
І зразу стала смутна ў хаце…»
І ў Алега Салтука, кажа Вікторыя, вобраз хаты непарыўна звязаны з вобразам маці, а без яе адзінока і хаце:
«І стала ў прыцішанай хаце
Пустэльна, нібыта ў двары».
Настаўніца з гордасцю паглядае на сваю здольную вучаніцу. Безумоўна, яе радуе захопленасць Вікі і яе перамогі, за якімі – праца настаўніка.
Ала Анатольеўна Навуменка адданая настаўніцтву ўсёй душой, больш за трыццаць год яна выкладае ў школе беларускую мову і літаратуру, робіць гэта з любоўю і веданнем справы. Вядома, шкадуе, што мала гадзін адводзіцца на прадмет, а так хочацца, каб дзеці па-сапраўднаму адчувалі беларускую мову роднай. Сёння яна вядзе заняткі на павышаным узроўні для групы з шасці вучняў, у ліку якіх і Вікторыя Іванова. Да таго ж яна класны кіраўнік 10 класа, у які ў гэтым навучальным годзе прыйшлі вучні з усяго раёна. Але расказваць пра сябе яна не ўмее і не любіць.
За яе гэта робіць дырэктар школы Жанна Іванаўна Рагуновіч. Яна адзначае, што Ала Анатольеўна вельмі патрабавальная да сябе, неабыякавая, заўсёды падштурхоўвае сваіх вучняў да ўдзелу ў розных праектах, не шкадуе часу, каб дапамагчы ім падрыхтавацца. А яшчэ яна выдатны класны кіраўнік. А калі чалавек так ставіцца да сваёй работы, то аддача будзе абавязкова.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №91 ад 23.10.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *