У Шуміліне адсвяткавалі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі

Главное Новости Сельское хозяйство

Рупяцца без выхадных і святаў,
каб на стале было багата

Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу раён адзначыў у суботу, 20 лістапада

Сімвалічна, што гэта першае свята, якое ладзілася ў раённым цэнтры культуры пасля рэканструкцыі. Свята хлебасольнае, шчодрае, радаснае – асаблівае для кожнага, хто цэніць нялёгкую працу хлебароба. Праўда, яго галоўныя героі не прывыклі да ўспышак фотакамер, апладысментаў і ўвагі да сваіх сціплых персон. Ім куды зручней у полі за штурвалам камбайна. Яны працуюць, калі мы яшчэ спім, калі мы адпачываем ля возера ці едзем у падарожжа, яны таксама працуюць. У сезон земляробы не ведаюць ні выхадных, ні святаў. І яны, безумоўна, заслужылі і словы ўдзячнасці, якіх у гэты дзень прагучала шмат, і ўзнагароды ды падарункі, што для іх падрыхтавалі.
Бадай, пра кожнага, хто падымаўся ў гэты дзень на святочную сцэну, раёнка ўжо пісала. Дзякуючы нашаму рупліваму карэспандэнту Ларысе Зайцавай, герояў нівы жыхары раёна ведаюць у твар, у якой бы аддаленай вёсцы яны не жылі. Сяргей Гоманаў, Аляксандр Раманятаў, Дзмітрый Бязрукаў, Мікалай Жыгуноў, Аляксандр Антонаў і многія іншыя рупліўцы не раз станавіліся героямі газетных публікацый. Гэта наш журналісцкі паклон, шаноўныя хлебаробы, за вашу нялёгкую працу.
Свята пачалося з традыцыйнай сімваліч-най дзеі: каравай з мукі новага ўраджаю перадалі кіраўніку раёна Віктару Гутараву. Віктар Сяргеевіч звярнуўся са словамі ўдзячнасці за адданую працу да земляробаў і ветэранаў сельскагаспадарчай галіны.
– Так, год быў няпросты, і не ўсё задуманае ўдалося рэалізаваць. Тым не менш, дзякуючы працавітасці вяскоўцаў, годнай арганізацыі працы і матэрыяльна-тэхнічнаму забеспячэнню работ, масавая ўборка зерневых была праведзена ў аптымальныя тэрміны, – адзначыў Віктар Сяргеевіч.
Неблагія вынікі атрыманы ў галіне раслінаводства. Намалочана зерневых і зернебабовых культур у бункернай вазе больш за 17 тысяч тон, рапсу – звыш 1200 тон, азімай свірэпіцы – 330 тон, сабрана 106 тон бульбы.
З ураджаю гэтага года сяляне нарыхтавалі амаль 33,5 тысячы ці па 25,6 цэнтнераў на ўмоўную галаву жывёлы травяных кармоў.
Для далейшай аптымізацыі структуры пасеваў шматгадовых траў, павышэння іх прадукцыйнасці і зніжэння сабекошту кармавой адзінкі гаспадаркі раёна намалацілі амаль 68,5 тоны насення шматгадовых траў, у тым ліку бабовых – каля 30 тон.
Кіраўнік раёна асаблівую ўвагу звярнуў на важнасць вырошчвання азімых культур: яны даюць больш высокія ўраджаі ў параўнанні з яравымі. Вось і сёлета ўраджайнасць азімых склала больш за 25 цэнтнераў з гектара, тады як яравыя далі ўсяго па 15 цэнтнераў.

Такім чынам, на долю азімых зерневых прыходзіцца каля 70 працэнтаў валавога збору зерня. У павышэнні ўраджайнасці і пашырэнні пасяўных плошчаў гэтых культур старшыня райвыканкама бачыць істотныя рэзервы павелічэння вытворчасці зерня. Таму пад ураджай наступнага года пасеялі 8701 гектар азімых зерневых, гэта на 26 працэнтаў больш, як летась. У адносінах да рапсу гэтая лічба складае 2038 гектараў, свірэпіцы – амаль 1160 гектараў (ледзьве не ў два разы больш, чым у мінулым годзе). Перавага аддаецца гатункам высокіх рэпрадукцый.
– Спыняцца на дасягнутым нельга. Для таго, каб раён жыў і развіваўся, вытворчасць зерня і малака неабходна павысіць удвая, – заўважыў Віктар Гутараў. – Трэба шукаць магчымасці для прыцягнення ў сельскую гаспадарку інвестыцый, маладых перспектыўных спецыялістаў, якія гатовы працаваць на зямлі.
Лідарам сельскагаспадарчага года па многіх паказчыках стала ААТ «Ляжні». Кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Папіна і яго работнікі не раз паднімаліся на святочную сцэну за ўзнагародамі. Гаспадарка заняла 1-ыя месцы па вытворчасці зерня, кармоў і рапсу; 2-ія – па сяўбе азімых зерневых культур і падняцці зябліва. У выніку Аляксандр Папіна быў прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва сярод кіраўнікоў і ўзнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама.
– Год выдаўся цяжкім з-за засухі, – прызнаўся Аляксандр Мар’янавіч. – Вясной, дзякуючы падтрымцы райвыканкама, мы адрамантавалі тэхніку. Загадзя паклапаціліся пра насенне добрай селекцыі, таму, пэўна, змаглі намалаціць зерня на ўзроўні мінулага года – больш за дзве з паловай тысячы тон. Наяўнасць у дастатковай колькасці насення канюшыны дазволіла нарыхтаваць амаль 24 ц кармавых адзінак на галаву – гэтага хопіць на зіму. А лішкі, што засталіся з мінулага года, мы прададзім.
Кіраўніку ўдалося згуртаваць калектыў і матываваць работнікаў на дасягненне пастаўленых мэт. У гаспадарцы на сённяшні дзень няма вакансій. Праўда, моладзі ўсё ж не хапае.
1-е месца па вытворчасці насення шматгадовых траў заняла КУСГП «Ульскі» (кіраўнік Валянціна Лабейка), лідарамі на сяўбе азімых збожжавых культур сталі ААТ «АграБаравінка» (кіраўнік Павел Шакун) і КУСГП «Сіроцінскі» (кіраўнік Мікалай Прыгодзіч), лепшай арганізацыяй па ўзняцці зябліва прызналі ААТ «Прыазёрны мір» (кіраўнік Юрый Савіцкі).
Узнагароды, граматы і падарункі перадавікам уручалі першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Руслан Яскевіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. Былі адзначаны і маладыя спецыялісты.
Павіншаваць хлебаробаў Шуміліншчыны з прафесійным святам завіталі начальнік упраўлення земляробства, раслінаводства і кормавытворчасці абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Валерый Нярозя і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова. Госці сардэчна віншавалі работнікаў хлебнай нівы, зычылі моцнага здароўя і поспехаў у нялёгкай працы. Прадстаўнік аблвыканкама адзначыў, што сялянская фермерская гаспадарка «Раднік» стала лепшай у вобласці па ўраджайнасці шматгадовых траў. Паабяцаў, што пры размеркаванні мінеральных угнаенняў і паліва Шумілінскі раён не застанецца абдзеленым. Валерый Нярозя ўручыў Ганаровую грамату камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Пятру Бардзюкову – механізатару СУП «Лаўжанскае»,

Падзяку старшыні камітэта – начальніку сельскагаспадарчага ўчастка ААТ «Ляжні» Раісе Гарлачовай.
Ірына Палякова ўручыла Падзяку старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерыю Грузневічу – інжынеру-механіку машыннага двара УП «Шумілінскі райаграсэрвіс». Яна адзначыла, што на зямлі працуюць толькі самыя нераўнадушныя людзі – сапраўдныя героі.
Артысты цэнтра культуры, дзіцячых школ мастацтваў з Шуміліна і Обалі, цэнтра дзяцей і моладзі падарылі героям свята канцэрт. Частаваў хлебаробаў індывідуальны прад-прымальнік з Мікіціхі Васіль Мацуганаў. Свае адмысловыя вырабы прэзентавалі майстры Дома рамёстваў. Работнікі ўстаноў культуры аформілі тэматычныя кампазіцыі на «ўраджайную» тэму. Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей на свяце ўпершыню прадэманстраваў сваю новую выставу, прысвечаную памятным і знамянальным датам раёна.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №91 ад 23.10.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *