«Дыстанцыйнае навучанне не заменіць жывы ўрок»
Думкамі пра новую рэдакцыю Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі дзеліцца Аляксандр Сачыўка, дырэктар Обальскай СШ, настаўнік з 25-гадовым стажам
Свет сёння мяняецца вельмі хутка, і сістэма адукацыі, вядома ж, павінна адпавядаць запытам часу, быць адаптаванай да новых патрабаванняў. Безумоўна, усё новае ў навуцы, методыцы ды і, урэшце, у свядомасці маладога пакалення немагчыма ўмясціць у жорсткія рамкі прававых актаў. Але рэгламентацыя асноўных накірункаў, падыходаў, алгарытмаў у любой справе неабходна. Такую функцыю ў нацыянальнай сістэме адукацыі выконвае Кодэкс аб адукацыі.
Некалькі слоў пра дыстанцыйную форму навучання. Як адзначыў міністр адукацыі І. В. Карпенка, адпаведныя нормы, што датычаць гэтай формы навучання, выкладзены ў новай рэдакцыі Кодэкса, але дакладнага пераліку, дзе ў поўнай меры магчыма дыстанцыйнае навучанне, пакуль што няма. Яно і зразумела: пытанне няпростае. Я асабіста глыбока перакананы ў тым, што «удалёнка» пры любым раскладзе не можа быць паўнацэннай заменай вочнага навучання. Дыстанцыйнае навучанне не заменіць жывы ўрок з яго эмацыянальнасцю, духоўным і душэўным кантактам, імгненным водгукам – як прагляд спектакля ці балета па тэлевізары не заменіць наведванне тэатра. Але як дадатковы элемент, здольны ў выпадку эпідэміі дапамагчы дзецям не «выпасці» з навучальнага працэсу, «дыстанцыйка» проста неабходна.
Шмат эмоцый выклікала пададзенае некаторымі СМІ меркаванне аб тым, што згодна з абноўленым Кодэксам бацькі не будуць мець права ўмешвацца ў вучэбны працэс. Спяшаюся супакоіць вас, паважаны бацькі. Па-першае, менавіта такой фармуліроўкі ў Кодэксе няма. Ёсць норма, якая ўстанаўлівае наступнае: законныя прадстаўнікі дзіцяці маюць права знаёміцца з ходам адукацыйнага працэсу, але ў парадку, вызначаным установай адукацыі. Менавіта знаёміцца, а не ўказваць педагогу, як гэта часам здараецца, як весці ўрок і якія адзнакі выстаўляць. На мой погляд, норма своечасовая і неабходная: сапраўды, ніводнаму разумнаму чалавеку, калі ён не спецыяліст у дадзенай сферы, не прыйдзе ў галаву ўказваць урачу, як праводзіць аперацыю, ці будаўніку, як рабіць цагляную кладку. А вось у школе на практыцы маюць месца выпадкі неабгрунтаванага ўмяшання бацькоў у дзейнасць, што адносіцца да кампетэнцыі педагога. Што ж датычыцца канструкцыйнага дыялогу, супрацоўніцтва, сумеснага рашэння праблем і пытанняў, то тут школа заўсёды выступала ў ролі ініцыятара і арганізатара – такой і застанецца.
Яшчэ адно новаўвядзенне, пра якое хочацца сказаць асобна. Гэта змяненне правілаў прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. З 2023 года цэнтралізаванае тэсціраванне і выпускныя экзамены па матэматыцы, рускай і беларускай мове сумясцяць. З аднаго боку, менш стрэсу для выпускнікоў. З другога – гэта будзе стымуляваць школьнікаў да больш якаснай падрыхтоўкі да такой формы экзаменаў. А вось залічэнне ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы прапануецца праводзіць па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі без ЦТ, што будзе са-дзейнічаць павышэнню прывабнасці такой адукацыі ў выпускнікоў, а таксама асоб, якія маюць стаж работы ў прафесіі.
Падрыхтавала Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №87 ад 09.11.2021 г.