Сярод стыпендыятаў – Марыя Скорынава і Карына Трошчанка
Віцебскі абласны Савет дэпутатаў прысудзіў прэміі лепшым навучэнцам устаноў адукацыі мастацкага профілю ў сферы культуры.
Дзесяць прэмій у памеры 15 базавых велічынь кожная атрымалі выхаванцы дзіцячых школ мастацтваў і шэсць прэмій па 20 базавых велічынь – навучэнцы музычных каледжаў Віцебска і Наваполацка, каледжа культуры і мастацтваў Віцебска.
Усе ўладальнікі прэмій з’яўляюцца пераможцамі заключных этапаў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных творчых конкурсаў, алімпіяд па вучэбных прадметах прафесійнага майстэрства.
Прыемна адзначыць, што з Шумілінскага раёна прэміямі абласнога Савета дэпутатаў адзначаны адразу дзве таленавітыя музыканткі – Марыя Скорынава і Карына Трошчанка.
Прадстаўляць Марыю Скорынаву, вучаніцу Таццяны Васільеўны Гутаравай з Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў, чытачам раённай газеты не трэба. Мы неаднаразова пісалі пра поспехі і перамогі выдатнай юнай піяністкі на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.
Прэмію аблсавета Марыя, дарэчы, атрымлівае ў трэці раз (да гэтага – у 2015 і 2016 гадах). У 2020 годзе Марыя Скорынава атрымала яшчэ і заахвочвальную прэмію са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Зараз 13-гадовая музыкантка займаецца яшчэ і ў Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы па класу фартэпіяна.
Вялікія надзеі падае і Карына Трошчанка, якая вучыцца ў 5 класе інструментальнага аддзялення Обальскай дзіцячай школы мастацтваў па класу фартэпіяна.
Яна займаецца ў Наталлі Уладзіміраўны Івановай. Талент, памножаны на стараннасць і мэтанакіраванасць, дае выдатны плён. Толькі ў 2020 годзе (па выніках якога, дарэчы, прысвойваліся прэміі) Карына стала лаўрэатам III ступені міжнародных конкурсаў «Новыя вяршыні-2020» і «#СЯБРЫ-2020», фестывалю-конкурсу юных піяністаў «Натхненне» і анлайн-конкурсу «МузыкалкаЛіда#-2020».
Зорным абяцае стаць для дзяўчынкі і бягучы год. У скарбонцы 2021-га ўжо ёсць дыплом I ступені II Рэспубліканскага конкурсу мастацтваў «Музычны феерверк» у намінацыі «фартэпіянны дуэт» (у складзе Карыны Трошчанкі і Яны Яроменак), дыплом III ступені III Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці «Запалі сваю зорку». А міжнародны конкурс «Вышыня», які праходзіў у маі бягучага года, прынёс Карыне Трошчанка і яе выкладчыку Наталлі Уладзіміраўне дыплом лаўрэатаў I ступені ў намінацыі «настаўнік-вучань».
Не сумняваемся, што і ў Марыі Скорынавай, і ў Карыны Трошчанка наперадзе новыя вяршыні і новыя перамогі.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №86 ад 05.11.2021 г.
Фота з архіва сям’і Скорынавых і Обальскай дзіцячай школы мастацтваў.