Афіцэры заўсёды ў страі
“Міліцыянер – гэта назаўсёды, – падкрэсліў на справаздачным сходзе па выніках работы мінулага года старшыня ветэранскай арганізацыі РАУС У. М. Калеснікаў. – Былых афіцэраў не бывае. І калі чалавек калісьці працаваў у міліцыі, ён не пройдзе раўнадушна ля хулігана і дэбашыра.”
Ветэранская арганізацыя райаддзела ўнутраных спраў налічвае 56 чалавек. Пра яе работу за мінулы год расказалі старшыня арганізацыі У. М. Калеснікаў, казначэй А. С. Шарафутдзінаў. Ніводны член арганізацыі летась не застаўся без увагі: віншавалі з днём нараджэння, з юбілеямі, прымалі ўдзел у святкаванні Дня Перамогі і Дня міліцыі. Шумілінскія дэлегаты ездзілі на справаздачна-выбарчую канферэнцыю Віцебскага абласнога савета ветэранаў. Арганізацыя за актыўную грамадскую работу была ўзнагароджана ганаровай граматай Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.
Абмяркоўвалі ветэраны і план работы на бягучы год. Сярод шматлікіх накірункаў – супрацоўніцтва з райаддзелам, сустрэчы з маладымі супрацоўнікамі.
На справаздачным сходзе прысутнічаў начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі. Вадзім Вадзімавіч расказаў пра крымінальную абстаноўку ў раёне, адзначыў, што за мінулы год у параўнанні з папярэднім у два разы знізілася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, прычым усе яны раскрытыя. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў сярод райаддзелаў вобласці. І заслуга ў гэтым, падкрэсліў Вадзім Вадзімавіч, не толькі сённяшніх міліцыянераў, але і былых. Менавіта яны сваёй карпатлівай працай заклалі падмурак надзейнасці міліцыі.
Ветэраны падтрымалі прапанову В. В. Мядзвецкага дапамагаць у рабоце саветаў прафілактыкі, якія створаны пры кожным сельскім Савеце. На савет прафілактыкі запрашаюцца нядбайныя сем’і, непаўналетнія, якія здзейснілі правапарушэнне. І тут хопіць работы не толькі сённяшнім работнікам РАУС, але і былым афіцэрам міліцыі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №14 ад 17.02.2012 г.