У Шумілінскай ПМК-70 не баяцца давяраць маладым спецыялістам самыя адказныя аб’екты

Главное Молодёжь Экономика

Парк рабілі пад яго кіраўніцтвам

У Шумілінскай ПМК-70 кіраўніцтва прадпрыемства не баіцца давяраць маладым спецыялістам самыя адказныя аб’екты. Цэнтральны парк, раённы цэнтр культуры, цэнтральная раённая бальніца – вось толькі некаторыя аб’екты, якія рыхтаваліся да «Дажынак» работнікамі Шумілінскай ПМК-70 і рукі да якіх прыклала моладзь.

Уладзіслаў Улюценка

– Калі даведаўся, што ў Шуміліне будуць праходзіць «Дажынкі», адразу захацеў, каб мне даверылі нешта маштабнае, – пачаў размову старшы майстар Уладзіслаў Улюценка, які ў ПМК-70 працуе трэці год.
Уладзіслаў добра памятае той веснавы дзень, калі яго да сябе выклікаў дырэктар ПМК-70 Аляксей Юр’евіч Крыўко і коратка сказаў: «Будзеш адказным за рэканструкцыю цэнтральнага парка». Як сам успамінае, у той момант у яго перамяшалася ўсё – і гонар, што даверылі такі адказны аб’ект, і адказнасць, бо гэта адна з галоўных пляцовак «Дажынак», і страх, каб зрабіць якасна і ў адведзеныя тэрміны.
Работа старшага майстра – аптымальна размеркаваць дзеянні, кантраляваць працэс і якасць работы. У цэнтральным парку падчас рэканструкцыі працавалі ад 30 да 50 работнікаў і шмат тэхнікі. Уладзіслаў Улюценка змог размеркаваць працэс так, каб ніхто нікому не перашкаджаў і не было вытворчых прастояў.
«На пачатку зразалі дрэвы, раскопвалі, дэманціравалі. Большасць людзей былі незадаволены гэтым, знаёмыя падыходзілі і пыталіся «Навошта?», – успамінае Уладзіслаў. – Пазней, калі пачалі вымалёўвацца абрысы новага парку, пайшлі словы падтрымкі».
Адназначна можна сказаць, што ўсё лета Уладзіслаў Улюценка правёў у гарадскім парку. Каб парк набыў сённяшні выгляд, было пакладзена амаль 7,7 тысячы квадратных метраў пліткі, устаноўлена амаль 5,8 км бардзюраў, высаджана 88 дрэў. Радуе старшага майстра тое, што парк прыйшоўся даспадобы шумілінцам, асабліва маленькім, якіх заўсёды багата тут.
«Важна, што ў нас была каманда аднадумцаў, – разважае Уладзіслаў. – Хочацца сказаць дзякуй кожнаму з комплекснай брыгады Аляксея Васкоўскага і брыгады муляраў Валерыя Чарвянкова. Асаблівыя словы падзякі механізатарам Аляксандру Аўчыннікаву і Улдзісу Ржаному, якія на «Амкадорах» займаліся добраўпарадкаваннем аб’екта і да 11 гадзін вечара».
– Ведаеш, вось буду на пенсіі, прыйду ў парк, сяду на лавачку і буду настальгіраваць пра гады маладосці, калі працаваў на рэканструкцыі парка, – на развітанне з усмешкай прамовіў Уладзіслаў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №83 ад 26.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *