250 цэнтнераў з гектара даў кукурузны гатунак «краснадарскі» на шумілінскіх землях

Новости Сельское хозяйство

Няспынны кукурузны канвеер

Дзеля эфектыўнага выкарыстання частка зямель УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» перададзена ААТ «Сушчова-Агра», што знаходзіцца ў Віцебскім раёне. Спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама расказалі, што гэтыя землі выкарыстоўваюцца па-гаспадарску: на іх сёлета былі засеяны зерневыя і зернебабовыя, кукуруза.

На днях мы пабывалі ў Лескавічах, дзе на ўборцы кукурузы працаваў мехатрад «Сушчова-Агра». Галоўны аграном прадпрыемства Эвеліна Пальвінская расказала, што асноўныя кукурузныя палеткі прадпрыемства засеяны ў Віцебскім раёне. Але і на Шуміліншчыне вырашылі паспрабаваць, як апраўдае сябе гатунак «краснадарскі».
– У прынцыпе ўраджаем задаволены – 250 цэнтнераў з гектара, – кажа Эвеліна Антонаўна. – Для гэтага года, калі спачатку заліло вясной, а потым летам паліла спякота, гэта нядрэнны вынік. Кукурузныя палеткі ў Пабедзе (а гэта 45 гектараў) часткова ўжо ўбралі, заклалі больш за 500 тон сіласу. Палеткі ў Лескавічах, якія знаходзяцца ля фермы, летась былі ўгноены арганікай, таму кукуруза сцяной стаіць.

Мікалай Слямнёў і Цімафей Шаўроў.

Скошвае і здрабняе кукурузу на сілас на кормаўборачным камбайне «Ягуар» вопытны механізатар Цімафей Шаўроў. Кожны дзень на ягоным рахунку да трохсот тон корму. З яго адвозкай спраўляюцца Пётр Кавалёў, Аляксей Радзівонаў і Аляксандр Буракоў. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства палічыла, што закладваць сіласную траншэю непадалёк ад поля ў Лескавічах эканамічна больш выгадна. Зімой за гатовым кормам будуць прыязджаць на вялікагрузных машынах.
Адзін з асноўных этапаў нарыхтоўкі сіласу – гэта трамбоўка. І тут мы сустрэлі нашага земляка Мікалая Слямнёва, які працаваў на пару з Віктарам Сінкевічам. «Родам я з Маркава, – расказаў Мікалай. – Жыву ў Сушчова і працую ў мясцовай гаспадарцы. Але вось бачыце, як лёс распарадзіўся: зноў прыехаў рупіцца на шумілінскія палеткі. Працуем мы ўвесь светлавы дзень. Дзеля лепшага захоўвання сіласу дадаём у яго спецыяльныя кансерванты».
ААТ «Сушчова-Агра» спецыялізуецца не толькі на раслінаводстве, але і мясной галіне жывёлагадоўлі. На фермах у Сушчове трымаюць на адкорме дзве тысячы бычкоў. Для іх і прызначаецца пажыўны, недарагі і ўніверсальны кукурузны сілас, які цалкам задавальняе энергетычны рацыён жывёлы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №83 ад 26.10.2021 г.

Мікалай Слямнёў і Цімафей Шаўроў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *