З 10-ці кандыдатаў у пагранічнікі вытрымалі іспыты толькі 7 хлопцаў

Молодёжь Новости Общество

На ахову граніц Беларусі

Працягваецца прызыўная кампанія. Прызыўнікі зараз праходзяць медыцынскую камісію, а ў адасобленую групу аб’яднанага раённага ваенкамата пачалі прыязджаць прадстаўнікі вайсковых часцей для адбору новага папаўнення.


11 кастрычніка ў Шуміліна прыбылі прадстаўнікі органаў пагранічнай службы і ўнутраных войск.
– Да будучых пагранічнікаў вельмі сур’ёзныя патрабаванні, – расказвае рэгіянальны прадстаўнік органаў пагранічнай службы па Віцебскай вобласці Віктар Фамянкоў. – Найперш улічваюцца псіхалагічнае здароўе, фізічная падрыхтаванасць і жаданне самога прызыўніка стаць пагранічнікам. Спачатку аналізуецца асабістая справа маладога чалавека, затым праводзіцца псіхалагічнае тэсціраванне і толькі пасля суразмовы і праверкі асобы кандыдата робіцца канчатковае заключэнне.
Так, кандыдатамі ў пагранічнікі былі 10 шумілінскіх хлопцаў, з іх вытрымалі сур’ёзныя іспыты 7 чалавек. Сярод тых, хто прайшоў адбор быў і Раман Галін, які працуе фельчарам хуткай дапамогі ў Шуміліне: «На пачатку прызыву пацікавіліся, у якіх войсках хачу служыць. Я адказаў, што хацелася б па сваёй спецыяльнасці. У пагранічнікаў была вакансія фельчара. Адразу скажу, вельмі сур’ёзны адбор. Так, на тэсціраванні трэба было адказаць амаль на 300 пытанняў. Цікавіліся ўсім і пыталіся пра ўсё. Рады, што прайшоў гэты адбор». А вось Максіму Жыгалцы не пашанцавала: «Шчыра прызнаюся, хацелася стаць пагранічнікам, як мой дзядуля. Не лёс. Як сказалі афіцэры, вельмі перахваляваўся. Ужо ведаю, што пайду служыць механікам-вадзіцелем у навучальны цэнтр у Барысаве».
Віктар Фамянкоў расказаў кандыдатам у пагранічнікі бліжэйшыя перспектывы службы: «Калі вы канчаткова пройдзеце ўсе праверкі, то прыбудзеце ў пагранічны атрад, дзе на базе вучэбнага пункта на працягу 10 дзён да прыняцця Ваеннай прысягі засвоіце курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. Месяц пойдзе на вывучэнне асноў пагранічнай службы, затым стажыроўка ў падраздзяленнях, што непасрэдна ахоўваюць Дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь. І толькі пасля гэтага прыступіце да аховы Дзяржаўнай граніцы ў сваіх падраздзяленнях».
Трапіць ва ўнутраныя войскі кандыдатамі было трое шумілінскіх прызыўнікоў. Па выніках суразмовы прайшоў толькі адзін хлопец.
Як адзначыў начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэй Собін, у гэтым прызыве з нашага раёна вайсковую службу будуць праходзіць каля 35 юнакоў. Ад-праўка новага папаўнення ў войскі пачнецца з 25 кастрычніка.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №80 ад 15.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *