У разгары ўборка кукурузы
Рабочы дзень, калі мы завіталі ў КУСГП «Ульскі», нічым не вылучаўся сярод шэрагу кастрычніцкіх дзён. Дырэктар гаспадаркі Валянціна Лабейка правяла ранішнюю планёрку: «У нас дзве галоўныя задачы – дасеяць азімыя зерневыя і ўбраць кукурузу».
Праз некаторы час Валянціна Лабейка аб’язджае палеткі гаспадаркі, разам з ёй накіроўваемся на поле за Лявонавам, дзе фінішуе сяўба азімых зерневых. З шасцімятровым пасяўным агрэгатам тут працуе Уладзімір Прыгун, які засявае за дзень да 30 гектараў зерневых, яго калега Васіль Аглушэвіч спраўляецца з 16-цю гектарамі (у яго чатырохмятровая сеялка). З плугамі працуюць Ігар Барысевіч і Аляксей Дамарат. Полацкая інтэграцыйная структура, у якую ўваходзіць гаспадарка, вы-дзеліла магутны трактар «Клаас» германскай вытворчасці з 12-корпуснымі плугамі – моцная падтрымка мясцовым механізатарам.
Узараную глебу пад сяўбу рыхтуюць Аляксандр Кляцкоў і Сяргей Агафонаў. «На маім рахунку кожны дзень – да трыццаці гектараў палеткаў, працуем ад цёмнага да цёмнага, – расказаў адзін з перадавых механізатараў гаспадаркі Аляксандр Кляцкоў. Тэхніка ідзе добра, праўда, ёсць праблемныя гразкія ўчасткі».
Не менш важная работа – уборка кукурузы – разгарнулася на палетках за вёскай Ферма. У гаспадарцы засеяна сёлета 242 гектары кукурузы, палову з якой паспелі ўжо ўбраць. Сілас, які нарыхтоўваюць вось ужо два тыдні, кладуць у траншэю ля фермы Лявонава. Генадзь Козік на КВК-800 убірае і здрабняе па 200 тон кукурузы за дзень. Кажа, што сёлетні ўраджай (180 цэнтнераў з гектара) сярэдні ў параўнанні з мінулымі гадамі.
Дарэчы, на лявонаўскіх палетках, як і ў іншых гаспадарках, кукурузу “прыхапіла” марозам. «Гэта не шкодна для нарыхтоўкі корму, – кажа Валянціна Лабейка. – Для сіласу патрэбны спелыя пачаткі, а не зеляніна, дзе многа вады. Зараз для ўборкі самы аптымальны тэрмін, апраўданы самымі апошнімі тэхналогіямі ў сельскай гаспадарцы».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №81 ад 19.10.2021 г.