Любімы від спорту для Антаніны Караленка – лыжы

Образование Общество

Любімы від спорту – лыжы

Любімы від спорту для Антаніны Караленка – лыжы. Гэта любоў з дзяцінства, з тых снежных зім, калі пракладзеная ў снежні лыжня трымалася да сакавіка, калі настаўнік фізкультуры Язвінскай школы Яўген Канстанцінавіч Бегуноў ставіў сваіх выхаванцаў на лыжы і вучыў атрымліваць асалоду ад авалодвання лыжнай тэхнікай.

У ходзе гутаркі высвятляецца, што метадыст аддзела па адукацыі райвыканкама А. У. Караленка родам з вёскі Завяззе, як і наша праслаўленая біятланістка Ганна Сола. «Цяпер гэта алімпійская вёска», – усміхаецца Антаніна Уладзіміраўна. І сціпла замоўчвае, што менавіта яна паставіла Ганну на лыжы, калі працавала выкладчыкам фізічнага выхавання ў Язвінскай школе, была яе першым настаўнікам. А потым ужо здольную лыжніцу заўважыў на спаборніцтвах трэнер Генадзь Салапаеў.
Так, перш чым стаць метадыстам і ўзяць на сябе абавязак курыраваць фізічнае выхаванне ва ўстановах адукацыі раёна, Антаніна Караленка сама працавала настаўнікам фізкультуры – у Лескавічах (спачатку ў санаторна-лясной школе-інтэрнаце, пазней у гімназіі), у роднай Язвінскай школе, у СШ №1.
Сёння Антаніна Караленка бачыць сваю задачу ва ўдасканаленні спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы ў школах і дашкольных установах. Для гэтага ўсё неабходнае ёсць: кадры, спартыўная база і інвентар. Хаця гэтага недастаткова, лічыць яна. Яе непакоіць маларухомы лад жыцця многіх дзяцей, асабліва гарадскіх, якіх бацькі не прывучаюць з дзяцінства да актыўных прагулак, гульняў, заняткаў на свежым паветры, так неабходных дзіцячаму арганізму.
Сама яна галасуе за здаровы лад жыцця, любіць аздараўленчую хадзьбу, заняткі на трэнажорах, настольны тэніс і адчувае асаблівае шчасце, калі ўдаецца прайсці на лыжах круг-другі па аколіцах роднага Завяззя, дзе яе чакае дача.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №76 ад 01.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *