Верасень выдаўся халодным, і многія гаспадары прыватнага сектара распачалі ацяпляльны сезон. У такі час супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях абходзяць дамы вяскоўцаў, аглядаюць пячное абсталяванне і нагадваюць правілы пажарнай бяспекі. Што ж тычыцца правілаў, то яны простыя, але вельмі важныя і неабходныя для выканання: неабходна пабяліць печку для выяўлення трэшчын, прачысціць дымаход, пакласці перадтопачны ліст, не захоўваць дровы каля печкі і па магчымасці ўстанавіць ў жылых пакоях аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Прадстаўнік раённай газеты разам з супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і членами аглядавай камісіі праверылі, як жыхары населеных пунктаў Сіроцінскага сельсавета (былі наведаны катэгарыраваныя грамадзяне) падрыхтаваліся да ацяпляльнага сезона і выконваюць правілы пажарнай бяспекі.
! З пачатку года на тэрыторыі Шумілінскага раёна з-за парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення здарыліся 3 пажары.
У некалькіх дамах у Сіроціне, дзе пражываюць адзінокія сталыя вяскоўцы, інспектар РАНС Вадзім Півавараў зрабіў заўвагі і ўказаў гаспадарам на парушэнні. «З вашай печкай вельмі небяспечна распачынаць ацяпляльны сезон, – папярэдзіў ратавальнік адзінокапражываючую пенсіянерку. – Пакуль сапраўдныя халады не прыйшлі, неадкладна парамантуйце, замажце трэшчыны». Жанчына абяцала ў бліжэйшы час заняцца рамонтам. Інспектар РАНС уручыў прафілактычныя буклеты і пры гэтым нагадаў асноўныя правілы бяспечнага прапальвання печак: у моцныя маразы прапальваць два-тры разы і не больш чым па паўтары гадзіны, заканчваць прапальванне за 2 гадзіны да сну, сачыць за тым, каб мэбля і шторы знаходзіліся не менш чым у паўтара метрах ад печкі. У дамах, дзе выхоўваюцца маленькія дзеці, прасіў дарослых не дазваляць малым прапальваць печкі і не пакідаць іх адных дома.
Прыемна адзначылі для сябе члены камісіі, што гаспадары з разуменнем адносяцца да ўласнай бяспекі і своечасова ліквідуюць выяўленыя раней недахопы, мяняюць элементы сілкавання ў пажарных апавяшчальніках.
Па выніках рэйду робіцца аналіз прафілактычнай работы аглядавай камісіі, дзе былі выяўлены заўвагі і парушэнні, і абмяркоўваюцца шляхі іх ліквідацыі, зазначыў інспектар РАНС В. Півавараў. Актыўная прафілактычная работа камісій прыносіць станоўчыя вынікі.
Штодзённыя прафілактычныя рэйды працягваюцца.
Алена КАРПУШЭНКА.