Час-пік для яблыкаў
Для работнікаў ТАА «Вежа» зараз гарачы напружаны час. Трэба нарыхтаваць удосталь сыравіны – яблыкаў, каб прадпрыемства бесперабойна працавала ўвесь год да наступнага нарыхтоўчага сезона.
Ля варот прадпрыемства спыняецца вялікагрузная машына з поўным прычэпам яблыкаў. Заязджае на вагавую і накіроўваецца да прыёмнага бункера. Пасля выгрузкі ўзважваецца парожняй – каб даведацца вагу сыравіны.
– Дваццаць тон! – канстатуе прыёмшчыца, якая выпісвае неабходныя дакументы.
Цікавімся, адкуль жа столькі багата яблыкаў. Аказалася, што з Пастаў: там сёлета багатыя сады. А паколькі на Шуміліншчыне ў гэтым годзе неўраджай на яблыкі, вось і вымушаны вытворцы шукаць сабе сыравіну ледзь не па ўсёй Беларусі. «Мы стварылі прыёмныя пункты па здачы яблыкаў у Лепельскім, Пастаўскім, Браслаўскім і Гарадоцкім раёнах, – кажа дырэктар ААТ «Вежа» Віктар Калыхан. – Трэба адзначыць, што там насельніцтва актыўнае, бо яблыкаў у садах шмат. Калі ў мінулым годзе мы нарыхтавалі 1748 тон, то ў гэтым аб’ёмы павялічаны да 2,5 тысячы тон. Гэта звязана з развіццём вытворчасці: асвойваем новыя віды прадукцыі і шукаем рынкі збыту. Асноўны наш экспарт – Расійская Федэрацыя. Мяркуем заключаць дагаворы на аптовую пастаўку прадукцыі. Больш прадукцыі – значыць, больш грошай. Менавіта ад аб’ёмаў залежыць дабрабыт прадпрыемства і заробак нашых работнікаў».
Падыходзім да завальнай ямы, якая літаральна ўсыпана яблыкамі. Сюды пад’ехала яшчэ адна фура, а з другога боку высыпаюць яблыкі з мяшкоў. Пад напорам вялізных помпаў яблыкі мыюцца, потым здрабняюцца на пюрэ і падаюцца на вялізны прэс, з дапамогай якога адціскаецца сок. Лабаранты правяраюць яго на наяўнасць сухіх рэчываў, кіслотнасці і цукру, а потым закрываюць у спецыяльныя рэзервуары. Каб завод працаваў бесперабойна да наступнага сезона, трэба нарыхтаваць не менш за дзве тысячы тон яблычнага соку. На перыяд нарыхтовак на вытворчасць дадаткова ўзялі на часовую работу тры чалавекі, гатовы прадаставіць рабочыя месцы яшчэ двум.
Пакуль знаходзімся на прыёмным яблычным пункце, сюды адна за адной пад’яздаюць легкавыя аўтамабілі, у багажніку якіх знаходзяцца яблыкі. Іх вязуць таксама на тачках і веласіпедах. Здаецца, актывізаваліся і мясцовыя жыхары. «Сёлета цана нармальная – 20 капеек за кілаграм. Без асаблівых клопатаў можна падзарабіць, ды і працэдура спрошчаная – не патрабуюць даведку з сельвыканкама аб наяўнасці прысядзібных участкаў, – расказаў адзін з шумілінскіх жыхароў. – Адно дрэнна – яблыкаў сёлета вельмі мала. У сваім садзе, напрыклад, набраў усяго пяць мяшкоў, а летась было ў дзесяць разоў больш».
За дзень на ТАА «Вежа» з усіх кропак Віцебскай вобласці прывозяць па 40-50 тон яблыкаў. Спецыялісты прадпрыемства падлічылі, што гэта малавата. Яны гатовы прымаць кожны дзень па 60 тон. Таму чакаюць сярэдзіны верасня, калі ў садаводчых гаспадарках пачнецца сезон нарыхтовак. Нетаварныя яблыкі будуць здаваць на перапрацоўку. Таму загадзя заключаюць дагаворы з садаводчымі таварыствамі ў Лужасне, а таксама ў Мінскай і Брэсцкай абласцях. Прыёмка яблыкаў будзе весціся да сярэдзіны кастрычніка.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №69 ад 07.09.2021 г.