Акцыя пачалася ў Дзень ведаў
1 верасня быў дадзены старт прафілактычнай акцыі «Адзіны дзень бяспекі». Акцыя прадоўжыцца да 10 верасня
У Шуміліне акцыя пачалася з імправізаванага свята каля Шумілінскай СШ №1. Службы, якія ў адказе за нашу з вамі бяспеку, – выратавальнікі, газавікі, супрацоўнікі РАУС, медыкі – прынялі непасрэдны ўдзел у мерапрыемстве.
Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ірына Шалахава павіншавала ўсіх з Днём ведаў і падкрэсліла, што галоўнае ў жыцці кожнага – гэта бяспека. Ірына Іванаўна параіла быць вельмі ўважлівымі і дысцыплінаванымі, не свавольнічаць з небяспечнымі прадметамі, быць асцярожнымі з электрычнымі прыборамі, газавай плітой. А калі і здарыцца надзвычайная сітуацыя – умець правільна дзейнічаць і рэагаваць на здарэнне, выклікаць неабходныя службы.
На пляцоўцы была прадстаўлена тэхніка экстраных службаў: машына аварыйнай газавай службы, пажарная машына і аўтамабіль ДАІ, арганізаваны інтэрактыўныя навучальныя пляцоўкі па бяспецы жыццядзейнасці, дзе дзецям была прадастаўлена магчымасць паўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах і гульнях, папоўніць багаж ведаў па пытаннях бяспечнага жыцця.
Дзеці з радасцю прымяралі спецадзенне, прасіліся пасядзець у салонах аўтамашын і ўключыць спецсігналы ДАІ, РАНС і газавай аварыйнай службы, атрымалі адказы на свае пытанні ў прадстаўнікоў службаў. А пасля пройдзеных заданняў многія казалі, што раскажуць знаёмым і бацькам пра бяспечныя правілы паводзін.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №68 ад 03.09.2021 г.