Жнівеньская канферэнцыя педагагаў Шумілінскага раёна прайшла пад дэвізам «Адукацыя будучага – стратэгіі сёння»

Главное Новости Образование

«Адукацыя будучага – стратэгіі сёння»

Віктар Гутараў уручыў граматы Алене Садохінай, Наталлі Лазука і Але Навуменка.

Жнівеньская канферэнцыя педагагаў раёна прайшла ў актавай зале СШ №1 г. п. Шуміліна пад дэвізам «Адукацыя будучага – стратэгіі сёння». У рабоце канферэнцыі бралі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Гутараў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч.

Аліна Казлова, Таццяна Ільінец, Яна Жураўкіна, Ірына Варанцова сваю педагагічную дзейнасць пачынаюць на Шуміліншчыне.

Педагогі раёна сабраліся разам, каб падвесці вынікі мінулага навучальнага года, вызначыць прыярытэтныя накірункі дзейнасці і задачы на перспектыву.
З дакладам аб выніках работы за мінулы навучальны год і задачах на новы выступіла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова. Яна расказала пра выхаваўчую работу ва ўстановах адукацыі, пра інфармацыйна-адукацыйныя праекты, праграмы шостага школьнага дня, якія дзейнічаюць у школах, пра цеснае ўзаемадзеянне з сям’ёй і грамадскімі арганізацыямі.
Валянціна Васільеўна адзначыла, што ў адукацыі галоўнай умовай поспеху з’яўляецца работа кожнага: кіраўніка, метадыста, выхавальніка. Вельмі важны аспект – якасць дашкольнай адукацыі (сёлета функцыянуюць 10 ясляў-садаў, 4 комплексы яслі-сад-школа, якія будуць наведваць 685 выхаванцаў).
Валянціна Мянькова падрабязна прааналізавала работу сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі, інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій, профільнае абучэнне. Па выніках мінулага года не сорамна пахваліцца вынікамі: 5 вучняў сталі пераможцамі абласных алімпіяд, а вучаніца СШ № 1 заняла трэцяе месца па рускай мове і літаратуры на рэспубліканскім этапе і адзначана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных вучняў. Педагогі ганарацца і вынікамі ЦТ: у рэйтынгу раёнаў вобласці Шуміліншчына заняла шостую пазіцыю (узнялася на чатыры радкі), за што раёну быў уручаны грашовы сертыфікат за выніковую работу. «Паступленне дзяцей пацвярждае якасць адукацыі ў нашым раёне, – адзначыла Валянціна Мянькова. – Працэнт паступлення склаў 73,5%, што на 0,5% вышэй за паказчык папярэдняга года». У новым навучальным годзе ў раёне будуць працаваць 5 сярэдніх школ, 4 комплексы яслі-сад-школа, у іх будуць вучыцца 1823 вучні.
Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў гаварыў аб важнасці якаснай адукацыі, аб вялікай ролі педагога ў выхаванні сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны. Кіраўнік раёна павіншаваў усіх настаўнікаў з новым навучальным годам, пажадаў поспехаў і дабрабыту. Кіраўнік раёна ўручыў Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта настаўніку беларускай мовы і літаратуры СШ № 2 Але Навуменка за высокія паказчыкі ў абучэнні і выхаванні. Загадчыца ясляў-сада № 1 Алена Садохіна атрымала грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Падзяка старшыні райвыканкама была ўручана выхавальніку ясляў-сада № 2 Наталлі Лазука.
Словы шчырай удзячнасці педагогам раёна за іх нялёгкую працу выказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў ён уручыў настаўніку пачатковых класаў Мішневіцкай школы Ірыне Галабурда, ганаровую грамату Галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама – намесніку дырэктара Обальскага ясляў-сада Вользе Кадуковай, настаўніцы беларускай мовы Мікіціхінскай школы Наталлі Муцюк, дырэктару СШ № 2 Жанне Рагуновіч, дырэктару Мішневіцкай школы Пятру Спірыдонаву. Многія настаўнікі былі ўзнагароджаны граматай аддзела па адукацыі райвыканкама.
На канферэнцыі былі прадстаўлены маладыя спецыялісты, якія папоўнілі рады педагогаў раёна: Ірына Варанцова (настаўнік фізічнай культуры СШ №1), Яна Жураўкіна (настаўнік-дэфектолаг Обальскай школы), Таццяна Ільінец (выхавальнік ясляў-сада №3), Аліна Казлова (выхавальнік групы падоўжанага дня Обальскай СШ).
Закончылася педканферэнцыя на пазітыўным настроі, які ўсім прысутным падарыў прагляд відэафільма пра медалістаў школы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №68 ад 03.09.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *