З дынастыі пчаляроў
Міхаіл Сяргеевіч Канцэвіч з Сіроціна сорак два гады запар займаецца пчалярствам. Яго салодкае захапленне стала ўжо прафесійным заняткам.
Рабочы дзень вясковага пчаляра складаецца не з васьмі звычайных рабочых гадзін. Каб даглядаць пасеку, трэба намнога больш часу. Так што з самага ранку і да вечара Міхаіл Канцэвіч назірае за сваім гуллівым царствам. Ну, а дапамагае яму ў гэтым жонка Людміла Ігнатаўна.
«Дзясяткі пакаленняў нашага роду (мае карані з Магілёўшчыны) займаліся пчалярствам, – кажа Міхаіл Сяргеевіч. – Калоды пчол размяшчаліся ў лясных масівах, і гэта багацце перадавалася ў спадчыну ад бацькоў да дзяцей. І калі я больш за сорак гадоў таму завёў першы пчаліны домік, зразумеў: гэта маё, роднае і любімае. Як кажуць, прадзедаўскія “гены” ўзялі верх».
Міхаіл Канцэвіч, які раней працаваў зваршчыкам у гандлёвым цэнтры «Веста» ў Віцебску, вось ужо трыццаць гадоў трымае пасеку ў Сіроціне. Раней тут бываў наездамі, а калі выйшаў на заслужаны адпачынак, дык і ўвогуле перасяліўся ў вёску. «Тут раздолле для пчол, шмат меданосаў, – кажа Міхаіл Сяргеевіч. – Побач з пасекай спецыяльна пасадзіў жоўтую акацыю, глог чырвоны і чорны, клён, рабіну, крушыну, маліну і нават мардоўнік, які расце на адным месца па дзесяць гадоў. Пчала вылецела з доміка – і адразу збірае мёд, не трэба траціць энергію на пералёты».
Міхаіл Сяргеевіч паказаў сваё пчалінае царства – семдзесят домікаў. Усе яны афарбаваны ў розны колер. Ёсць і вертыкальныя вуллі, якія змяшчаюць па 80 тысяч пчол. Пчаляр перакананы, што пчолы – істоты разумныя, вяртаюцца менавіта ў свой домік, які пазнаюць не толькі па колеры, але і па паху. Заходзячы на пасеку, Міхаіл Канцэвіч не апранае спецыяльную амуніцыю пчаляра. У яго звычайнае адзенне з доўгімі рукавамі і кепка. «Пчолы еўрапейскай пароды «краінка» і «бакфост» не злыя, – кажа гаспадар. – Яны не кідаюцца на людзей без прычыны, таму ха-джу па пасецы смела. Ну, а што адна-дзве кусаюць кожны дзень – гэта для мяне норма. Тым больш, што пчаліны яд у крыві пера-ўтвараецца ў моцны антыаксідант, і арганізм становіцца ўстойлівым да многіх вірусаў і хвароб. На думку пчаляроў, ім нават каранавірусная інфекцыя не страшная.
Каб кожная сям’я давала больш мёду, Міхаіл кожны год у вуллях мяняе пчаліных матак. Іх вырошчваннем па спецыяльнай тэхналогіі ў інкубатары займаецца сам. Усе дадзеныя запісвае ў асобны сшытак. Так збіраецца радаслоўная на кожны пчаліны домік. Моцная пчоласям’я, на думку мужчыны, здольная даць мёду да ста кілаграмаў за год.
У сіроцінскага пчаляра ёсць усе неабходныя прыстасаванні, прычым самыя перадавыя, з выкарыстаннем сучасных тэхналогій: медагонка з праграмным кіраваннем, стол для распячаткі сот з цёплай падлогай, крэмовачная машына і шмат чаго іншага. Больш таго, Міхаіл не толькі сам робіць пчаліныя домікі, але і з’яўляецца яшчэ рацыяналізатарам. Напрыклад, з запчастак старой пральнай машыны сам зрабіў апарат для перапрацоўкі пяргі.
У сям’і Канцэвічаў мёд любяць усе. Ужываюць яшчэ і матачнае малачко, якое танізуе і амалоджвае арганізм. Міхаіл Сяргеевіч раіць чытачам раённай газеты ўжываць не толькі мёд, але і пяргу, якая ў некалькі разоў карысней, бо ўтрымлівае мноства мікраэлементаў, карысных для чалавечага арганізму.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №67 от 31.08.2021 г.