Валанцёрскі лагер «Добрае сэрца» знайшоў прапіску ў Лескавічах

Молодёжь Новости Общество

«Добрае сэрца» – добрыя справы

Гутарку з удзельнікамі валанцёрскага лагера праводзяць Алена Селязнёва і Вікторыя Бяляева.

Летнія канікулы – гэта час адкрыццяў, прыемных уражанняў, новых сяброў. А набыць іх можна ў валанцёрскім лагеры «Добрае сэрца», які ад цэнтра дзяцей і моладзі арганізаваны ў Лескавічах.


«Аздараўленчы лагер працуе па кароткатэрміновай праграме і разлічаны на дзевяць дзён, – расказала начальнік лагера Тамара Мураўёва. – Да нас прыехала дзесяць дзяцей з Шуміліна, Обалі і Язвіна. Праграма аздараўлення і карысных спраў уключае разнапланавую дзейнасць: адпачынак, эколага-краязнаўчую і патрыятычную дзейнасць, выхаваўчыя, спартыўныя і іншыя мерапрыемствы, якія развіваюць творчы патэнцыял дзяцей. Хлопчыкам і дзяўчынкам падабаюцца гульні на свежым паветры, дыскатэкі, віктарыны, конкурсы, віртуальныя экскурсіі. Мы прымаем удзел ва Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”. Запланавана мерапрыемства “Бяспечны лес”, якое праводзяць супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. У валанцёрскага лагера шмат сацыяльных партнёраў – камісія па справах непаўналетніх райвыканкама, “Беларускі фонд міру”, ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” БРСМ, РАУС, РАНС».
Акрамя ўсіх названых мерапрыемстваў, удзельнікі валанцёрскага лагера займаюцца грамадска-карыснай дзейнасцю. Так, падчас экскурсіі на Вялікі камень у Горкі навялі там парадак, прыбралі ля памятнага знака загінуўшым воінам у Башнях і ля воінскага пахавання ў Лескавічах, правялі акцыю «Чысты бераг» на Лескавіцкім возеры.
Шмат цікавых мерапрыемстваў прайшло ў лагеры пры падтрымцы сацыяльных партнёраў. Напрыклад, ток-шоу «Сто пытанняў дарослым» правялі прадстаўнікі РАУС і райкама ГА БРСМ. А падчас нашага прыезду на мінулым тыдні праходзіла падвядзенне вынікаў конкурсу малюнкаў «Скажы наркотыкам – не!». Старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Алена Селязнёва і першы сакратар райкама БРСМ Вікторыя Бяляева ўручылі пераможцам конкурсу дыпломы і памятныя падарункі. Іх атрымалі Дар’я Мамыка, Мікіта Міхайлаў і Мікіта Шэдзько.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Апублікавана ў №65 ад 24.08.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *