«Школьная задача» для бацькоў
«Дзе вы апранаеце і збіраеце дзяцей у школу?» – з такім пытаннем мы звярнуліся да нашых бацькоў у гэтыя жнівеньскія «гарачыя» для іх дні, калі падрыхтоўка дачок і сыноў да 1 верасня становіцца задачай нумар 1.
Наталля Сцержанкова, Шуміліна:
– Дачку Алісу-васьмікласніцу да школы мы падрыхтавалі поўнасцю. Школьная экіпіроўка абышлася нам у 500 рублёў. Мы раней і ў нас у Шуміліне апраналіся да школы, але зараз дачка-падлетак вельмі выцягнулася ў росце, застаўшыся з дзіцячым памерам адзення. Мы абышлі ў райцэнтры ўсе гандлёвыя кропкі ў пошуках падыходзячага для Алісы адзення, але безвынікова. Таму паехалі ў горад, дзе ёсць выбар. У «Марк Фармэлі» купілі джэмпер, у школьнай секцыі ўнівермага – пару блузак, спартыўны касцюм, астатняе паехалі на рынак дакупілі. Набылі ўсё: і рукзак, і жакет, які дужа хацелася дачцэ, і абутак, і ўсё неабходнае. І нават куртку асеннюю купілі. Канцылярку прыдбалі ў шумілінскім «Ёршыку», там асартымент багаты.
Васіль Кухараў, в. Мікалаева:
– У мяне жонка кожны год гэтым займаецца. Я толькі забяспечваю фінансавы дабрабыт і ўсё. Ведаю, што нядаўна яна разам з дачкамі Алінай-сямікласніцай і Ульянай-трэцякласніцай ездзіла ў Віцебск на Полацкі рынак. Днямі прайшліся ў Шуміліне па ўсіх магазінах. Бонус для нас, як для мнагадзетнай сям’і ў тым, што ў райцэнтры некаторыя прадаўцы прадастаўляюць скідку. Ды і выбар практычна такі ж, што і ў горадзе.
Аксана Сталярова, аг. Мішневічы:
– У нас у сям’і двое школьнікаў: сын-васьмікласнік і дачка-другакласніца. Апранаем іх да школы на рынку ў Віцебску. Канцылярскія прылады – сшыткі, альбомы, дзённікі, ручкі, алоўкі і г. д. – набываем у шумілінскіх магазінах. Да школы мы гатовыя поўнасцю, усё набылі. Шкада, што ў нашым мясцовым магазіне пакуль на паліцах нягуста, свежых завозаў не было. «Куткоў школьнікаў», як у ранейшыя гады, зараз няма.
Аляксандр Шабайлаў, Шуміліна:
– Дачку Наталлю-дзевяцікласніцу да школы рыхтуем звычайна ў віцебскіх магазінах. Ужо ездзілі ў «Буслік» і «Кары», тое-сёе прыкупілі. Бліжэй да верасня таксама паедзем за пакупкамі. За мной транспарт, спансіраванне, мужчынска-бацькоўскі погляд на дзявочыя пакупкі.
Юлія Уласевіч, Шуміліна:
– Сваіх чацвярых школьнікаў – трэцякласніцу Алісу, пяцікласніка Ягора, сямікласніцу Злату і дзесяцікласніцу Соф’ю – мы пачынаем рыхтаваць да школы, самі разумееце, у чэрвені. І так да верасня ўключна. Як правіла, пераважна апранаемся ў Віцебску: на рынку, ва ўнівермагу, у «Бусліку». Шукаем, каб і прымальна было, і падабалася дзецям. У Шуміліне купляем па дробязях: кеды, спартыўныя штаны, футболкі, ніжнюю бялізну. Абуткам закупліваемся як у Шуміліне, так і ў горадзе. Канцылярскія тавары набываем альбо ў нашым «Ёршыку», альбо ў віцебскім «Бусліку». Вучэбную літаратуру, спецыяльныя сшыткі можна набыць толькі ў Віцебску. Шкада, што ў Шуміліне такой магчымасці няма.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №63 ад 17.08.2021 г.