Што прапануе школьнікам шумілінскі гандаль?

Главное Новости Образование

Зборы на «дзясятку»

Да новага навучальнага года засталося два тыдні, і мы вырашылі пацікавіцца, што прапануе школьнікам шумілінскі гандаль.

Ульяна Ільіна збіраецца ў першы клас.

Па інфармацыі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі, арыенціровачны кошт камплектаў вопраткі дзелавога стылю складае ад 52 да 348 рублёў, кошт набору школьна-пісьмовых прылад і канцылярскіх тавараў можа складаць ад 35 да 216 рублёў. Вілка цэн вялікая, і сфарміраваць набор можна пры любым узроўні дабрабыту сям’і.
Часы, калі для таго, каб сабраць дзяцей у школу, абавязкова трэба было ехаць у абласны цэнтр, даўно прайшлі. Магазінаў у Шуміліне становіцца ўсё больш, адпаведна расце і выбар. Але ўнівермагу ў яго класічным варыянце ўсё ж не хапае. Там можна было купіць адразу і вопратку, і абутак, і канцылярскія прылады. У галоўным магазіне раёна заўжды быў вялікі выбар якаснай прадукцыі беларускай вытворчасці. Індывідуальныя прадпрымальнікі, як мы высветлілі, часцей за ўсё бяруць тавар на маскоўскіх аптовых базах. Праўда, запэўнілі, што выбіраюць толькі якасныя рэчы.
На рынку «Прывакзальны» мы знайшлі касцюм-тройку на хлопчыка малодшых класаў за 74 рублі, у склад тканіны якога ўваходзіць шэрсць, бавоўна і віскоза. Штаны там прадаюць за 30–35 рублёў, кашулю – за 18–21, блузка абыдзецца ў 20 – 30 рублёў у залежнасці ад памеру, сарафан можна купіць да 30 рублёў.
– У нас вы лёгка апранеце з ног да галавы любога школьніка з 1-га да 11-га класа, – запэўніла прадпрымальніца Ірына. – Мы імкнёмся выбіраць вопратку добрай якасці ды і цэны не завышаем. Заўжды ўваходзім у становішча пакупнікоў і даем у доўг да зарплаты.
Але на базары пакуль нешматлюдна, і бойкім гандаль не назавеш. Прадпрымальнікі кажуць, што сярод шумілінцаў сталі папулярнымі так званыя сумесныя закупкі на маскоўскім аптовым рынку «Садавод» праз групы ў сацыяльных сетках. Там дзешавей, але вось да якасці пытанняў шмат.
Цэлую сістэму зніжак распрацаваў для сваіх пакупнікоў гаспадар магазіна «Каблучок» Аляксандр Казлоўскі. Калі раней ён прапаноўваў мнагадзетным фіксаваную скідку, то цяпер яе памер залежыць ад колькасці дзяцей. Напрыклад, бацькі, што гадуюць 5 і больш дзяцей, могуць купіць тавар на 20 працэнтаў дзешавей. Падумаў прадпрымальнік і пра апекуноў, і пра маці, якія гадуюць дзяцей адны. На 10-працэнтную зніжку могуць разлічваць нават прыхаджане храма. Аляксандр заўважыў, што гандаль ідзе добра. Да прыкладу, туфлі тут можна купіць за 30 – 35 рублёў, сукенку – ад 30 да 40, партфель абыдзецца ў 25 – 42 рублі. У магазіне прапанаваны шырокі асартымент школьных тавараў. Ёсць усе памеры. Цікава, што мы сустрэлі тут пакупнікоў аж з Брэста! Сям’я Піскуновых гасцюе ў блізкіх з Шуміліна. Апрануць дзяцей да школы вырашылі ў нас. Кажуць, прыемна радуюць цэны.
З асартыментам канцылярскіх прылад мы пазнаёміліся ў магазіне «Ёршык», а ён там надзвычай багаты. Гаспадыня крамы Таццяна Барадзюля заўважыла, што ў жніўні на ўвесь школьны асартымент дзейнічае скідка ў 5 працэнтаў.
– Звычайна бацькі стараюцца купіць усё неабходнае загадзя, – гаворыць Таццяна. – Павышаны попыт доўжыцца да 1 верасня ўключна. Мы ўлічваем гэта і стараемся максімальна задаволіць запыты нашых кліентаў.
Сшыткі, ручкі, алоўкі, лінейкі, альбомы, фарбы – купіць, сапраўды, можна ўсё неабходнае. Самы танны сшытак каштуе 15 капеек. Дарэчы, такая ж цана на гэты тавар і ў іншых крамах.
Вялікі выбар канцылярскіх прылад прадстаўлены і ў магазінах фіксаваных цэн, якія нядаўна адкрыліся ў райцэнтры. Можна купіць звычайную ручку, а можна і якую-небудзь мудрагелістую. Галоўнае, каб дзіця з радасцю пайшло ў школу. Пашукаць тавары школьнага асартыменту можна таксама ў магазінах «8 Марта», «Клубок». Куткі са школьным асартыментам абсталяваныя і ў іншых магазінах горада.
Геаграфічных карт, атласаў, вучэбных дапаможнікаў у Шуміліне мы не знайшлі. За гэтым таварам трэба будзе ехаць у кніжныя магазіны Віцебска ці заказаць неабходнае ў інтэрнэт-магазіне.
Шматдзетная маці Наталля Ільіна збірае ў 1-ы клас старэйшую дачку Ульяну. Усё неабходнае купілі літаральна за тыдзень, гуляючы па райцэнтры. Колькі патрацілі – не падлічвалі.
– Гардэроб падбіралі на рынку «Прывакзальны» і ў магазіне «Марк Фармэль». У апошнім, дарэчы, можна разлічыцца крэдытнай «Картай пакупак», – дзеліцца Наталля. – А каб купіць добры скураны абутак, прыйдзецца ўсё ж ехаць у Віцебск.
Як мнагадзетная маці, Наталля атрымала аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў памеры 60 рублёў. Такая дапамога даецца сем’ям, якія гадуюць трох і больш дзяцей, незалежна ад даходу. Таксама на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу могуць разлічваць малазабяспечаныя сем’і. Аднаразовая дапамога выплачваецца на набыццё вопраткі, абутку, канцылярскіх прылад. Работнікам, якія выхоўваюць дзяцей-школьнікаў, можа быць аказана дапамога і па месцы работы ў адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі, а таксама за кошт сродкаў прафсаюзаў. Дадатковая дапамога можа быць аказана ў межах дабрачынных акцый, якія праводзяцца напярэдадні новага навучальнага года.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №63 ад 17.08.2021 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *