Гасцей паслухаць, пра сябе расказаць
На мінулым тыдні прайшоў дзень работы з насельніцтвам на тэрыторыі Каўлякоўскага сельсавета. Рабочыя групы, у склад якіх уваходзіла кіраўніцтва раёна, спецыялісты ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, раённага аддзела ўнутраных спраў, ТЦСАН і іншых структур на працягу двух дзён аб’ехалі 15 населеных пунктаў і сустрэліся з вяскоўцамі.
Рабочая група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Шалахавай пабывала ў вёсках Гаравыя, Полькавічы, Бондарава, Яцукі, Дворышча і пасёлку Завадскім. Ірына Іванаўна расказала вяскоўцам, якія перамены ў сувязі з абласнымі «Дажынкамі» чакаюцца ў Шуміліне. У прыватнасці, значныя змяненні адбываюцца ў медыцыне раёна: рамантуецца райбальніца, куды ў бліжэйшы час паступіць новая апаратура для дыягностыкі захворванняў, у «хуткай дапамогі» цяпер адзіны нумар 103, што дазваляе больш хутка і якасна абслугоўваць насельніцтва. Вялася гаворка пра прышчэпкі ад каранавірусу, пра работу аўталавак і Е-дастаўку на вёсках.
Асаблівую ўвагу члены рабочай групы ўдзялілі прафілактыцы махлярства. Заклікалі нікому не давяраць нумары сваіх банкаўскіх картак, быць асцярожнымі з чужымі людзьмі, якія з’яўляюцца ў вёсках, прапанавалі ігнараваць званкі з незнаёмых нумароў, замыкаць надзейна дзверы і не быць бяспечнымі да сваёй маёмасці. Вялася гутарка пра пажарную бяспеку: неасцярожнае абыходжанне з агнём, недапушчэнне курэння ў ложку, важнасць замены старой электраправодкі.
Актыўнасць насельніцтва, трэба адзначыць, ва ўсіх вёсках была высокай. Вяскоўцы прыйшлі і гасцей паслухаць, і пра сябе расказаць, чакалі прадстаўнікоў райвыканкама з прапановамі і пытаннямі.
У Гаравых мясцовыя жыхары задавалі пытанні па вулічным асвятленні і абкосе дарог. Гэтыя праблемы будуць вырашаны ў рабочым парадку, запэўніла старшыня Каўлякоўскага сельсавета Таццяна Дзятлава.
У Полькавічах вяскоўцаў хвалявала тое, што работнікі водаканала ўзялі на тэхабслугоўванне запчасткі калонак і больш за год яны не працуюць. Практычна ва ўсіх населеных пунктах былі незадаволены скарачэннем рэйсаў мясцовага аўтобуса і якасцю грэйдзіравання дарог. А вось у пасёлку Завадскі мы пачулі ўхвальныя словы пра сацыяльных работнікаў, якія прыходзяць дапамагаць пажылым людзям. Вельмі задаволены мясцовым сацработнікам Ірынай Яцук і ў вёсцы Яцукі. Дарэчы, старэйшына вёскі Таццяна Карась пахваліла медыцынскае абслугоўванне, якое зараз стала больш мабільным, у прыватнасці, хуткая дапамога прыходзіць з Бешанковічаў усяго за некалькі хвілін. Увогуле падалося, што ў Яцуках людзі не прывыклі скардзіцца. Яны самі закасваюць рукавы і бяруцца за работу: абкошваюць абочыны, высякаюць лазнякі ля дарогі.
Паколькі на сустрэчу прыйшлі людзі сталага ўзросту, псіхолаг ТЦСАН Ларыса Забаўская расказала пра паслугі тэрытарыяльнага цэнтра і раздала людзям буклеты з нумарамі тэлефонаў службы.
На гэтым тыдні ў райвыканкаме адбудзецца падвядзенне вынікаў дня работы з насельніцтвам з запрашэннем кіраўнікоў раённых службаў, у адрас якіх паступілі пытанні ад жыхароў Каўлякоўскага сельсавета.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №63 ад 17.08.2021 г.